Крыжовыя дні ў Слабодцы: малітва аб ураджаі і духоўных плёнах | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
03.06.2011 12:10

З 30 мая па 1 чэрвеня 2011 г. у парафіі Божага Провіду ў Слабодцы (Віцебская дыяцэзія, Браслаўскі дэканат) прайшлі Крыжовыя дні. Такім чынам вернікі рыхтаваліся да ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана.

Штодзень а 15-й гадзіне парафіяне збіраліся разам. У першы дзень крыж, які звычайна выстаўляецца на Вялікдзень каля гробу Пана, выносіўся з касцёла ў працэсіі пад спеў Літаніі да ўсіх святых з просьбай аб Божым благаслаўленні ў палявых працах і ў асабістым жыцці. Затым каля першага прыдарожнага крыжа цэлебравалася святая Імша аб ураджаі.

У другі дзень крыж пераносіўся да наступнага прыдарожнага крыжа, на трэці — да трэцяга. У гэтай традыцыі быў прыгаданы той момант з Крыжовага шляху Збаўцы, калі Сымон Кірэнеец дапамагаў Яму несці крыж. Відаць, вернікі звярнулі ўвагу на тое, што Сымон ішоў тады менавіта з поля, з працы. Малітва аб ураджаі была цесна звязана з малітвай аб духоўных плёнах. У гэтыя дні, разважаючы над збаўчым адкупленнем і ўваскрасеннем Хрыста, перад урачыстасцю Яго Унебаўшэсця, вернікі маліліся аб плёнах як на палетках, так і ў сваіх душах, аб багатым і шчодрым ураджаі.

 
© 2003-2024 Catholic.by