Слабодка: з Касцёла на выпускны баль | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
13.06.2011 13:06

У дзень атрымання атэстатаў аб сярэдняй адукацыі і выпускнога балю адзінаццацікласнікі парафіі Божага Провіду ў Слабодцы (Віцебская дыяцэзія, Браслаўскі дэканат) прысутнічалі ў святыні. У літургіі прынялі ўдзел не толькі выпускнікі, але і іх бацькі і настаўнікі.

У падрыхтаванай выпускнікамі літургіі да алтара былі прынесены запаленая свечка як сімвал іх памкненняў кіравацца святлом Божых загадаў на сваім жыццёвым шляху і Біблія як падказка і фундамент у далейшых выбарах, сімвал трывання ў цеснай лучнасці са Стварыцелем. Былі таксама прынесены катэхізіс і стула як адзнакі вернасці вучэнню Касцёла і павагі да святарскага служэння, пашаны да традыцыі Касцёла. Усе каментарыі былі таксама падрыхтаваны моладдзю, як і кветкі, якімі была ўпрыгожана святыня.

У словах святара, скіраваных да маладых людзей, падкрэслівалася, што, нягледзячы на тое, дзе яны будуць знаходзіцца ў жыцці, з чым сутыкнуцца — з праблемамі ці поспехамі, з радасцямі ці расчараваннямі, з выпрабаваннямі ці ўзыходжаннямі на алімп кар’еры, — у гэтым касцёле заўсёды за іх будуць маліцца. Святыня, у якую калісьці іх прынеслі бацькі, каб праз сакрамэнт хросту далучыць да супольнасці вернікаў, застанецца для іх як Божым домам, так і месцам асабістай сустрэчы з Хрыстом, які любіць сваіх дзяцей і чакае іх сведчання і вернасці на кожным этапе жыцця.

 
© 2003-2024 Catholic.by