Пілігрымы з Браслава ўдзельнічалі ў адпустовай урачыстасці ў Казлоўшчыне | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
29.06.2011 19:00

Адпустовая ўрачыстасць у парафіі Усіх Святых і свв. Пятра і Паўла, апосталаў, што ў Казлоўшчыне (Віцебская дыяцэзія, Пастаўскі дэканат) была асаблівай. 29 чэрвеня 2011 г. на святой Імшы разам з вернікамі маліліся пілігрымы з Браслава, якія крочаць да Маці Божай у Будслаў.  Ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі, пробашч парафіі, і ўсе прысутныя з вялікай радасцю віталі гасцей.

У супольнай малітве з’ядналіся людзі з розных куточкаў Віцебскай дыяцэзіі. Кожны з іх скіроўваў свае просьбы і падзякі да Бога праз заступніцтва святых апосталаў Пятра і Паўла.

У гаміліі, якую прамовіў кс. Лешэк Вітвіцкі SDS з Браслава, была падкрэслена каштоўнасць веры кожнага чалавека, які крочыць да Бога. Таксама святар падзякаваў усім прысутным на ўрачыстасці, а асабліва пілігрымам, за прыклад веры, які яны даюць іншым.

Пасля Эўхарыстыі парафіяне з адкрытым сэрцам і ўдзячнасцю за прысутнасць запрасілі ўсіх пілігрымаў на абед, які загадзя прыгатавалі.

С. Марына Брылёнак


 
© 2003-2024 Catholic.by