Маці Божая Браслаўская чыніць цуды і сёння | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
19.08.2011 21:00

19-20 жніўня 2011 г. у маляўнічым азёрным мястэчку Браславе адзначаюць свята апякункі краю, Маці Божай Валадаркі Азёраў. Цудадзейным абраз славіцца з даўніх часоў, але толькі ў 1999 г. тут быў створаны санктуарый (месца асаблівай Божай ласкі), а два гады таму на абраз былі ўскладзены папскія кароны, што азначае прызнанне яго цудадзейнасці.

Абраз Маці Божай у Браславе знаходзіцца ў галоўным алтары касцёла, а саму апянку краю часта так і называюць — Браслаўскай, а яшчэ — Валадаркай Азёраў (якімі славіцца Браслаўшчына) і Маці Божай Манастырскай. 

Апошняя назва звязана з цікавым паданнем пра паходжанне абраза, якое cягае аж у XV ст. У тыя часы на тэрыторыі браслаўскай парафіі знаходзіўся праваслаўны манастыр на востраве возера Неспіш, пабудаваны па фундацыі віленскага ваяводы Войцеха Манівіда. У першай палове XVII ст. кляштар стаў уніяцкім і ў ім пасяліліся базыліяне. Тут, за тры кіламетры ад Браслава, знаходзілася асабліва шанаваны вернікамі цудадзейны абраз Маці Божай. Падчас святаў шматлікія вернікі прыходзілі, каб аддаць Ёй пашану. З актаў віленскага архіва вядомы трагічны лёс кляштара базыльянаў. 

У 1832 г. ад удару маланкі ўспыхнуў пажар, які знішчыў усе пабудовы. Ацалеў толькі абраз Маці Божай. Людзі, знайшоўшы абраз на папялішчы, змясцілі яго ў касцёле ў Браславе. Аднак абраз знік і нейкім дзіўным чынам зноў аказаўся на востраве. Так паўтаралася некалькі разоў. Аж пакуль абраз не ўняслі ў браслаўскі касцёл ва ўрачыстай працэсіі. З таго часу абраз там і знаходзіцца. А сама парафія ў Браславе пад тытулам Нараджэння Маці Божай існавала ў Браславе з XV ст. Напэўна таму, як думаюць некаторыя гісторыкі, менавіта сюды, а не ў касцёл у Слабодцы, што знаходзіўся непадалёк ад возера Неспіш, быў перанесены абраз. 

Касцёл перабудоўваўся некалькі разоў, сучасны свой выгляд ён атрымаў у 1897 г. У гады камунізму быў зачынены на пару гадоў, але і тады вернікі не пераставалі маліцца. 

З 1992 г., пасля распаду СССР, парафіяй у Браславе апякуюцца айцы сальватарыяне, якія за гэты час шмат зрабілі для яе духоўнага і матэрыяльнага развіцця.  

У 1999 годзе біскуп новаўтворанай Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін абвясціў браслаўскі касцёл пад тытулам Нараджэння Маці Божай марыйным санктуарыем Маці Божай, Валадаркі Азёраў. І з таго часу ў Браслаў пачалі ўсё часцей прыходзіць і прыязджаць пілігрымы, часцей праводзіліся ўсяночныя чуванні каля стопаў Маці Божай. 

Напярэдадні каранацыі, што адбылася 22 жніўня 2009 г., была здзейснена рэстаўрацыя абраза, падчас якой былі заўважаны сляды мінулых пажараў — у некаторых месцах абраз быў абгарэлым. Кароны на абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў былі зроблены ў Кракаве паводле праекта мастака кс. Антонія Паланяка SDS. 18 лютага 2009 г. на плошчы Святога Пятра іх асвяціў Папа Бэнэдыкт XVI.

Цудадзейнасць абраза — гэта не толькі гісторыя, але і сучаснасць. Многія вернікі і сёння кажуць пра вызваленне ад алкагольнай залежнасці, аздараўленне і іншыя цуды і ласкі, атрыманыя праз заступніцтва Маці Божай Браслаўскай. Але найбольшыя цуды яна здзяйсняе ў сэрцах людзей, прыводзячы іх да свайго Сына.

Падрыхтавала Святлана Жылевіч 

 


 

 
© 2003-2024 Catholic.by