У Друі прайшоў вечар бл. Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
30.08.2011 14:15

«Як нараджаецца святасць?» — з гэтага пытання пачаўся вечар, прысвечаны памяці благаслаўлёных мучанікаў айцоў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, што прайшоў 28 жніўня 2011 г. у бібліятэцы ў Друі. Благаслаўлёныя айцы марыяне ў лютым 1943 г. былі спалены гітлераўцамі ў Росіцы разам з каталіцкімі і праваслаўнымі вернікамі.

Бібліятэкары Таццяна Кога і Аксана Кароль распавялі прысутным пра жыццёвы шлях благаслаўлёных і іх подзвіг. Выступленне бібліятэкараў дапоўніў пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі а. Пётр Бярнацкі MIC. Гаворачы пра а. Юрыя Кашыру, які быў апосталам еднасці паміж католікамі і праваслаўнымі, святар нагадаў, што подзвіг благаслаўлёных, гэты акт хрысціянскага пакутніцтва, паслужыў таксама справе экуменізму.

Сястра Наталля Арлянковіч SJE прадэманстравала прысутным прэзентацыю «Місія ў Росіцы», якую яна зрабіла разам з сястрой Ірэнай Сапун SJE. У прэзентацыі апавядалася пра жыццё і дзейнасць благаслаўлёных мучанікаў, а таксама пра дзейнасць сясцёр эўхарыстак у Росіцы ў 1941–1943 гг. Асобае месца ў прэзентацыі адводзілася ўшанаванню памяці благаслаўлёных пакутнікаў. 

Дарэчы, падобны вечар нездарма быў арганізавана ў Друі. Айцец Юрый Кашыра быў выхаванцам Друі, а айцец Антоні Ляшчэвіч, які ўступіў да марыянаў ужо ў сталым узросце, адсюль, з друйскага кляштара, выехаў у 1941 г. у Росіцу.

 

 
© 2003-2024 Catholic.by