У Параф’янаве адзначылі ўрачыстасць Найсвяцейшага Імя Марыі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
13.09.2011 12:58

12 верасня 2011 г. у Параф’янаве (Докшыцкі дэканат) прайшла ўрачыстасць Найсвяцейшага Імя Марыі. Мноства вернікаў сабралася ў касцёле, каб ушанаваць Маці Божую. Прыехалі госці і з іншых дыяцэзій Беларусі.

Бачна было, як рупліва рыхтавалася парафія да свята. Пад кіраўніцтвам новага настаяцеля дэкана Докшыцкага дэканата кс. Рамана Мурзіча была добраўпарадкавана тэрыторыя, арганізавана святочная літургія і культурная праграма.

Цэлебраваў святую Імшу генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі кс. прэлат Францішак Кісель. Са словам Божым да прысутных звярнуўся кс. Аляксей Раманчук, выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. У гаміліі святар закрануў пытанне пераемнасці пакаленнямі рэлігійнага светапогляду і заклікаў вернікаў па прыкладу Марыі быць вернымі Богу.

Пасля св. Імшы гасцінны пробашч запрасіў усіх парафіянаў і гасцей на канцэрт, які падрыхтаваў ансамбль народнай песні «Раніца» з Докшыц. У святочнай праграме прынялі ўдзел пісьменніца Ірына Жарнасек і паэт-гумарыст Міхась Мірановіч. Яны парадавалі гледачоў сваімі вершамі на маральна-этычную тэматыку. Усе жадаючыя маглі падсілкавацца пачастункамі, якія падрыхтавалі параф’янаўскія вернікі.

Віншуючы Параф’янава са святам, жадаем жыхарам гэтай вёскі Божага благаслаўлення і матчынай апекі Нябеснай Заступніцы, якую яны так любяць і шануюць.

Кс. Віктар Місевіч


 
© 2003-2024 Catholic.by