Біскуп Уладзіслаў Блін наведаў Глыбокае і Гірстуны | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
17.11.2011 12:01

15 лістапада 2011 г. біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін наведаў парафію Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім. Візіт адбыўся падчас правядзення дня духоўных сустрэч. На сустрэчы з біскупам прысутнічалі духавенства і кансэкраваныя асобы Віцебскай дыяцэзіі.

Святары і сёстры законныя сустрэліся са сваім біскупам, каб маліцца за Віцебскую дыяцэзію і аб умацаванні ўласнага паклікання. Гамілію падчас святой Імшы прамовіў а. Марэк Пасют OFMCap з Докшыц, а канферэнцыю для прысутных правёў а. Раман Шульц OP. Айцец Раман Шульц падчас выступлення разважаў пра чыстасць і вернасць пакліканню.

Біскуп Уладзіслаў Блін пазнаёміў прысутных з раскладам сустрэч на наступныя месяцы і падзяліўся сваімі ўражаннямі ад пілігрымкі на Святую Зямлю. Пасля сустрэчы прайшло пасяджэнне дэканаў.

Увечары гасцінныя глыбоцкія парафіяне запрасілі свайго пастыра ў вёску Гірстуны. Там, дзякуючы намаганням жыхароў і пробашча кс. Мечыслава Янчышына, узнікла каплічка. Біскуп Уладзіслаў Блін накіраваўся туды, каб асвяціць яе. Аднавяскоўцы шчыра сустрэлі іерарха, падарыўшы яму каравай і выслаўшы кветкамі дарогу да капліцы.

Варта адзначыць таксама прысутнасць прадстаўнікоў улады на гэтым свяце. Старшыня мясцовага сельсавета Яўген Татун спрыяў пабудове маленькага храма. Перад вернікамі выступіла старшыня раённага савета дэпутатаў Валянціна Сямчонак. Яна адзначыла з’яднанасць вяскоўцаў у працы і ў малітве і выказала ўдзячнасць гаспадарам вёскі за гасціннасць.

Біскуп Уладзіслаў Блін, выступаючы перад прысутнымі, падзяліўся разважаннямі пра месца касцёла ў жыцці чалавека. Іерарх заахвоціў вернікаў да актыўнага практыкавання веры ў штодзённым жыцці і падзякаваў тым, хто рупліва працаваў пры пабудове капліцы. Асноўныя працы правёў мясцовы майстар Алег Храпавіцкі.

За некалькі дзён да гэтага, выконваючы біскупскую калегіяльную паслугу, біскуп Блін прымаў удзел у канферэнцыях у Рыме і Мінску. Аднак ці можа пастыр не вярнуцца да свайго статка? Вернікі з Гірстуноў чакалі нездарма. Гэтая вёска, як і сотні іншых, — назаўсёды ў сэрцы біскупа.

Кс. Віктар Місевіч

 
© 2003-2025 Catholic.by