Батлейка — прыгожая традыцыя Калядаў | | Друк | |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
27.12.2011 12:34 |
Найбольш цікава, вядома, самім удзельнікам спектакля або бацькам, чые дзеці выступаюць у ролях. Але і кожны глядач не выйдзе з залы расчараваным. У Мёрах дзеткі з парафіі паказалі гледачам сапраўдную тэатральную пастаноўку. У мясцовым Доме культуры яны распавялі гісторыю нараджэння Божага Сына. Адметна, што сцэнарый быў напісаны ў Мёрах. Таксама, як і прыгожыя касцюмы — аўтарства мясцовай парафіянкі сп. Марыны Баговіч, рэжысёр жа батлейкі — сп. Наталля Гаркоўская. Дзеянне адбывалася сярод розных раслін: кветак і грыбоў. Маленькія акцёры добра ўвайшлі ў ролю Ветрыка і прадстаўнікоў жывёльнага свету: Ваўка, Сабачкі і Авечкі. Якая Батлейка без чарцяняці? І гэты герой прысутнічаў на сцэне, паказваючы ў смешнай форме свае адмоўныя якасці: то псуючы скрыпку Гноміку, то проста падманваючы. Дыялогі герояў былі багата аздоблены калядкамі, якія, дарэчы, выконваліся пад жывое музычнае суправаджэнне мёрскай моладзі. Усе гледачы захапіліся сольным выкананнем калядкі дзяўчынкай, якая выступала ў ролі Найсвяцейшай Панны Марыі. Падчас спектакля з залы часта чуўся смех дзяцей і дарослых: так натуральна акцёры на сцэне выконвалі свае ролі. Пасля заканчэння батлейкі выступоўцы былі ўзнагароджаны шчодрымі апладысментамі. Пробашч парафіі кс. Кшыштаф Мянкіна пачаставаў усіх акцёраў салодкімі падарункамі. Кс. Віктар Місевіч |