У Докшыцах распачаўся VI Звычайны Капітул Віцэправінцыі Капуцынаў у Беларусі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
14.02.2012 12:32

13 лютага 2012 г. у Докшыцах распачаўся VI Звычайны Капітул Віцэправінцыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі. У капітуле прынялі ўдзел 26 братоў з усёй Віцэправінцыі. Мэтай сустрэчы з’яўляецца выбар новага кіраўніцтва Віцэправінцыі на 3 гады, а таксама абмеркаванне важнейшых пытанняў жыцця і апостальскай дзейнасці супольнасці.

Яшчэ перад афіцыйным распачаццем Капітулу браты сабраліся на супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі. Гамілію прамовіў кіраўнік Капітула, правінцыяльны Міністр Варшаўскай правінцыі Капуцынаў брат Марэк Пшэчэўскі. Звяртаючы ўвагу на навучанне святога апостала Якуба (Як 1, 5–6), брат Пшэчэўскі выразна падкрэсліў неабходнасць для законнікаў на сённяшні дзень сапраўднай мудрасці, якую можа даць толькі Бог. Добрай Навіной з’яўляецца тое, што Бог ахвотна дае гэтую мудрасць тым, хто просіць яе са шчырай верай.

Пасля поўдня Правінцыяльны Міністр урачыста абвясціў VI звычайны Капітул Віцэправінцыі Капуцынаў у Беларусі адкрытым. Плануецца, што сустрэча будзе завершана 15 лютага Эўхарыстыяй, якую ўзначаліць Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap

 
© 2003-2024 Catholic.by