Шануй бацьку свайго: свята «Дзень бацькі» адбылося ў Глыбокім | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
21.03.2012 14:56

Святы Юзаф — абраннік Маці Божай і апякун Езуса. Ён з’яўляецца яскравым прыкладам мужнага абаронцы сям’і. Ён цудоўны ўзор мужчынскага стаўлення да жонкі і дзяцей. 19 сакавіка 2012 г. у глыбоцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы адбылося свята «Дзень бацькі», прымеркаванае да ўрачыстасці святога Юзафа.

У гаміліі падчас святой Імшы а. Станіслаў Памыкала звярнуў увагу на важнасць кожнага члена сям’і. Жанчына, па словах святара, нясе сабой у сям’ю веру, мужчына — надзею, а дзеці — любоў. Была падрыхтавана працэсія з дарамі. Як сімвал веры быў прынесены крыж, як сімвал мужнасці — статут сям’і, як сімвал адпачынку і здаровага ладу жыцця ахвяравалі канькі, ракеткі, мяч, а маленькія дзеці — свае малюнкі. Віно і вада былі сімвалам Божай любові, а хлеб — сімвалам Укрыжаванага Бога. Вельмі закранула нашы сэрцы супольная малітва за бацьку. Таксама прыемна было бачыць вялікую колькасць мужчын у касцёле.

На заканчэнне нашай урачыстасці Аленай Пажога была падрыхтавана літаратурная кампазіцыя «З верай, надзеяй і любоўю». Цікавай і разнастайнай атрымалася фотавыстава, на якой былі прадстаўлены фотаздымкі нашых вернікаў-бацькоў.

Няхай прыклад святога Юзафа вучыць нашы сем’і змагацца з жыццёвымі цяжкасцямі і жыць разам з Богам.

Эліна Калугіна

 
© 2003-2024 Catholic.by