У Барсуках новая капліца | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
24.04.2012 13:35

22 красавіка 2012 г. вялікая падзея адбылася ў в. Барсукі Докшыцкага раёна. Парафію наведаў біскуп дыяцэзіі Уладзіслаў Блін. Пастыр прыбыў, каб асвяціць збудаваную каплічку і сустрэцца з вернікамі. На ўрачыстай святой Імшы прысутнічалі святары з Докшыцкага дэканата і іншых дыяцэзій. Біскуп Уладзіслаў у звароце да сабраных вернікаў сказаў: «Любіце адно аднаго! Будзьце жывым Касцёлам!»

Жадаючы падкрэсліць важнасць будаўніцтва Касцёла-супольнасці, іерарх удзяліў сакрамэнт хросту двум дзеткам. Біскуп таксама заахвоціў бацькоў і хросных клапаціцца, каб іх дзеці ўзрасталі ў веры.

Капліца ў Барсуках носіць тытул святога Юрыя. Праз заступніцтва гэтага нябеснага апекуна адбылося асвячэнне і намашчэнне сценаў храма. Як справядліва адзначыў пробашч кс. Юрый Бараўнёў, гэты абрад здзейсніў перамяненне будынка. На пачатку гэта быў звычайны пасялковы дом, а цяпер — святыня.

Ксёндз Юрый Бараўнёў шчыра падзякаваў прысутным прадстаўнікам улады і мясцовых гаспадарак за дапамогу ў будаўніцтве маленькага касцёла. Святар скіраваў словы падзякі і да сваіх парафіянаў, якія рупліва рыхтавалі ўрачыстасць, падзякаваў таксама парафіяльнаму хору з Мёраў за музычнае суправаджэнне літургіі.

Пасля набажэнства адбыўся канцэрт у мясцовай школе, які падрыхтавалі самі выхаванцы пад кіраўніцтвам дырэктара ўстановы.

На беларускай зямлі заўсёды былі святыні, таму што сэрца беларуса рэлігійнае і «неспакойнае», як сказаў бы св. Аўгустын. Яно няспынна шукае Бога. Няхай жа касцёл у Барсуках будзе такім месцам, дзе чалавек заўсёды знойдзе свайго Стварыцеля і Збаўцу.

Кс. Віктар Місевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by