Дэканальная сустрэча дзяцей і моладзі адбылася ў Далёкіх | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
14.05.2012 11:58

14 мая 2012 г. у аграгарадку Далёкія (Відзкі дэканат, Віцебская дыяцэзія) у парафіі Святога Станіслава адбылася дэканальная сустрэча дзяцей і моладзі з Відзаў, Опсы, Пеліканаў, Дрысвятаў і Пагошча.

Распачалася сустрэча ў касцёле хвалебнай часткай Ружанца. Прадстаўнікі кожнай парафіі маліліся па адной таямніцы, а на заканчэнне Ружанца ўсіх прысутных благаславіў ксёндз дэкан Альфрэд Пяхота.

Удзельнікі і госці мелі магчымасць паглядзець выставу фотаздымкаў, якая адлюстроўвала жыццё парафій.

Прэзентацыю парафій пачалі юнакі з Відзаў. Яны распавялі гісторыю сваёй парафіі і касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Расказ суправаджаўся паказам фотаздымкаў. На памяць пра сустрэчу кожнаму з прысутных госці падарылі паштоўку з выглядам свайго касцёла.

Дзеці з парафіі Святога Станіслава прадставілі дзве кампазіцыі: «Хто пабудаваў гэты дом?» і «Пасхальны букет».

Сустрэча працягнулася на плябаніі: свае камп’ютарныя прэзентацыі паказвалі прадстаўнікі з Дрысвят і Далёкіх. Расказана было пра гісторыю касцёлаў, пра жыццё парафій, пра святароў, паказаны цікавыя фотаздымкі родных мясцін. На заканчэнне гасцей чакаў пачастунак, які падрыхтавалі парафіяне.

Няхай такія сустрэчы спрыяюць больш шырокім узаемаадносінам з суседнімі парафіямі.

Ірына Высоцкая






 
© 2003-2024 Catholic.by