Развіталіся з кс. Уладзіславам Пятрайцісам. Пахаваны на мёрскіх могілках | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
16.05.2012 15:05

13 мая 2012 г. труна з целам спачылага кс. Уладзіслава Пятрайціса была прывезена ў касцёл Божага Провіду ў Слабодцы, дзе з 2000 па 2008 гг. святар быў адміністратарам. Тут адбылося малітоўнае чуванне і святая Імша. 14 мая магчымасць развітацца са сваім пастырам атрымалі парафіяне касцёла ў Іказні, дзе кс. Пятрайціс нёс душпастырскую паслугу з 2008 года да смерці.

Святую Імшу ўзначаліў генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз пралат Францішак Кісель. У гаміліі кс. Сяргей Сурыновіч, адміністратар парафіі ў Слабодцы, адзначыў, што для клерыкаў яго пакалення святары, якія пачалі сваю паслугу ў нялёгкія часы адраджэння былі пэўным сімвалам — на іх глядзелі з надзеяй, як на падмурак сучаснага Касцёла. Падобным сімвалам быў для будучых святароў і ксёндз Пятрайціс.

Увечары 14 мая труна з целам спачылага была перавезена ў мёрскі касцёл, дзе ўсю ноч працягвалася «адарацыя развітання». 15 мая на пахавальнай святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, сабраліся святары і сёстры законныя з усёй дыяцэзіі, а таксама шматлікія вернікі. У гаміліі а. Аляксандр Шамрыцкі МІС адзначыў, што дзякуючы ксяндзу Уладзіславу Пятрайцісу ён вынес тры ўрокі: першы — урок любові да гэтай зямлі і народа, які на ёй жыве; другі — урок любові да роднай мовы, бо кс. Пятрайціс казаў: «Вы, беларусы, павінны маліцца па-беларуску»; трэці ўрок — паводзіны пастыра. Дзякуючы яму прыйшло ўсведамленне, што Касцёл з’яўляецца асяроддзем жывых, дзе бурліць жыццё, дзе хочацца быць.

Цёплыя словы на развітанне прамовілі біскуп Кірыл Клімовіч і кс. пралат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, якія ў свой час разам працавалі са спачылым. Развітаўся з ксяндзом Пятрайцісам і біскуп Уладзіслаў Блін. Цяжка было стрымаць слёзы, гледзячы на развітанне са спачылам святаром яго бацькі і родных.  

Ксяндза Уладзіслава Пятрайціса пахавалі каля мёрскага касцёла, дзе ён пачынаў сваё служэнне Богу і Касцёлу ў Беларусі. Служэнню ў нашай краіне святар аддаў 26 з паловай гадоў і ўсяго некалькі дзён не дажыў да 27-годдзя свайго святарскага пасвячэння.

Кацярына Лаўрыненка

 
© 2003-2024 Catholic.by