У Оршы прайшла сустрэча «Вінаградніку» на тэму «Любоў — сэрца евангелізацыі» | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
05.06.2012 16:35

2 чэрвеня 2012 г. у Оршы адбылася сустрэча «Вінаградніку» на тэму «Любоў — сэрца евангелізацыі». Тэма была абрана невыпадкова, бо яна з’яўляецца цэнтральнай у евангелізацыі, яе асноўным матывам і апошняй у гэтым навучальным годзе.

На сустрэчу прыбылі ўдзельнікі з розных гарадоў Беларусі: Оршы, Мінска, Наваполацка, Ліды, Віцебска, Лынтупаў і інш. Распачалася сустрэча ранішняй малітвай праслаўлення. На канферэнцыях, якія падрыхтаваў а. Аляксандр Жарнасек, мы разважалі аб розных вобразах Божай любові мужчыны і жанчыны. З матэрыялам канферэнцый можна азнаеміцца на сайце www.viartannie.org. З вуснаў лектара таксама прагучала запрашэнне ўзрастаць у любові. «Бог — мой сведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Езуса Хрыста. І малюся за тое, каб любоў вашая яшчэ больш узрастала ў пазнанні і ва ўсякім адчуванні» (Флп 1, 8–9), — піша святы апостал Павел.

Замест традыцыйных сустрэч у групах адбылася медытацыя над урыўкам Святога Пісання, дзе Езус пытаецца ў Пятра: «Ці любіш ты Мяне?» Наша мэта, як і Пятра, — адказаць на гэтую любоў.

Пасля быў вольны час, а таксама час на размову і адарацыю. Шмат людзей змаглі скарыстацца з сакрамэнту споведзі, затым адбылася Эўхарыстыя. Апошнім пунктам праграмы стала малітва, перад якой мы пачулі пра плады, якія дае «Вінаграднік». Былі і два сведчанні пра цуды на «Вінаградніку» дзякуючы Божай ласцы. За ўдзельнікаў маліліся чатыры святары.

Перажыўшы сустрэчу ў духу любові, ўсе адправіліся дадому, ведаючы, што сюды можна вярнуцца зноў, каб працаваць у Божым вінаградніку. Наступная сустрэча адбудзецца восенню, дата будзе ўдакладняцца. Запрашаем усіх жадаючых у Божы Вінаграднік.

Анастасія Харкевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by