Пасля больш чым паўвекавога перапынку ў вёсцы Мікалаева адбылася Імша | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
20.06.2012 11:58

Колькі б грэшны чалавек у сваёй нянавісці не змагаўся з Богам, колькі б не знішчаў слугаў Божага алтара, колькі б не руйнаваў святыняў — Касцёл Хрыстовы працягвае жыць. Жыць і маліцца, нават за тых, хто яго пераследуе, заўсёды памятаючы словы Збаўцы: «Зло перамагайце дабром».

І вось адну з такіх перамог 17 чэрвеня 2012 г. святкавалі вернікі парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Марыі Панны з вёскі Мікалаева, што ў 10 кіламетрах ад Дзісны. А святкаваць сапраўды было што: пасля больш чым паўвекавога перапынку ў сценах мікалаеўскага касцёла гучала Божае слова і адпраўлялася святая Імша.

Яшчэ 65 гадоў таму ў Мікалаеве была ўласная парафія і свой касцёл пад тытулам Усіх Святых і св. Антонія Падуанскага. Але знайшліся людзі, якія пастанавілі знішчыць і парафію, і касцёл. Святароў, якія тут працавалі, арыштавалі і, «як шпіёнаў Ватыкана і ворагаў народа» выслалі ў Сібір, а святыню ператварылі ў зернесховішча. Такім чынам бязбожнікі думалі, што пытанне з каталіцтвам у Мікалаеве будзе закрыта. Але яны памыляліся, падобна тым грэшнікам, якія лічылі, што статак, пазбаўлены пастыра і аўчарні, загіне. Езус Хрыстус — найвышэйшы Пастыр, ніколі не пакідае сваіх верных, не пакінуў Ён і мікалаеўцаў. Мясцовыя католікі, верныя Богу, патаемна прымалі сакрамэнты ў іншых парафіях, маліліся па дамах, потым пачалі прыязджаць на святую Імшу ў Дзісну.

12 чэрвеня 2012 года, натхнёныя Духам Святым, вернікі Мікалаева сабраліся, каб навесці парадак у сваім касцёле, які за гады бязвер’я людзі ператварылі ў сметнік. З дапамогай святога Антонія і Усіх Святых, а таксама дзякуючы падтрымцы старшыні Мікалаеўскага сельскага савета і старшыні калгаса, святыню падрыхтавалі да ўрачыстасці. Канешне, касцёл і надалей застаецца моцна пашкоджаны: няма даху, вокнаў і дзвярэй, але гэта святыня — месца, выбранае Богам і намоленае тысячамі людзей.

Нядзеля 17 чэрвеня стала гістарычнай для мікалаеўскіх вернікаў: нарэшце разам са сваім ксяндзом Аляксандрам Грыцкевічам яны сабраліся на супольную малітву, нарэшце святар адпраўляў святую Імшу і людзі прымалі Езуса ў Эўхарыстыі, нарэшце яны адчулі сябе супольнасцю Каталіцкага Касцёла.

Падчас Імшы было шмат радасці і ўзнёслых эмоцый, а кожнае слова малітвы шчыра перажывалася і глыбока западала ў сэрца. Пасля ўрачыстасці, здавалася, водар святасці, як пах кадзіла, яшчэ доўга лунаў па мікалаеўскіх вулачках.

Няхай жа Божы Провід і надалей спрыяе развіццю і пашырэнню веры ў нашым краі. Няхай Дух святы адраджае парафіі, а Маці Божая заступаецца за святароў і вернікаў!

Кс. Аляксандр Грыцкевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by