Моладзь Віцебскай дыяцэзіі разважае над жыццёвым пакліканнем | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
16.08.2012 13:46

Сёлета VII Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі Віцебскай дыяцэзіі распачалася 15 жніўня. Некаторыя ўдзельнікі чакалі гэтых дзён амаль цэлы год. Санктуарый Маці Божай сабраў каля 300 маладых людзей, якія прыехалі сюды з Віцебска, Глыбокага, Полацка, Шаркаўчыны, Мёраў, Мінска, Астраўца і іншых куткоў Беларусі.

Кожны з маладых людзей прыехаў сюды не толькі, каб радасна са спевам і малітвай правесці час, але каб распазнаць сваё пакліканне. Кожны з нас звязвае сваё жыццё непарыўным вузлом з Панам Богам. Чым мацней вузел, тым большай будзе вера, а таксама і пакліканне. Таму тэма сустрэчы гучыць менавіта так: «Пакліканні — дар Божай любові». Выбіраць свой жыццёвы шлях чалавек пачынае ў маладосці, калі перад ім усё наперадзе. Тут, у Браславе перад абліччам Маці Божай, моладзь мела магчымасць папрасіць Заступніцу аб распазнанні жыццёвай дарогі.

Музычная група, разам з прысутнай моладдзю, упрыгожвала спевамі браслаўскую святыню падчас святой імшы. Першы дзень сустрэчы прыпаў на ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі. Таму ў гэты дзень людзі радаваліся, як хоры анёлаў, бо Маці Божая была ўзята на нябёсы. Цудоўны пах кветак, якія парафіяне прынеслі, каб асвяціць, разносіўся па ўсяму касцёлу.

Пасля смачнай вячэры моладзь чакаў вясёлы канцэрт гурта «Amore vitae» з Мінска. Разам усе спявалі песні праслаўлення і любові да Пана і танцавалі, узмоцненыя Божай любоўю .

У чаканні наступнага дня пасля актыўна праведзенага часу моладзь пайшла на адпачынак.

Ірына Грэйць

 
© 2003-2024 Catholic.by