Дух Божы адкрывае новы свет: сакрамэнт канфірмацыі ў Браславе | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
17.08.2012 12:59

Сёлетнія ўрачыстасціі ў браслаўскім санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў распачаліся 17 жніўня святой Імшой у 18 гадзін. Літургію, падчас якой групе вернікаў быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі, узначаліў арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станкевіч. У Імшы ўдзельнічалі біскуп Кірыл Клімовіч з Іркуцка (Расія) і шматлікае духавенства.

У гаміліі арцыбіскуп Станкевіч разважаў пра дар Духа Святога, які ў гэты дзень атрымлівалі вернікі. «Ніхто не можа без дапамогі Духа Святога сказаць: Езус — Пан», — адзначыў арцыбіскуп. Менавіта Дух Божы, падкрэсліў іерарх, адкрывае нам вочы на тое, хто такі Езус. Без Духа, працягваў арцыбіскуп, мы з'яўляемся цялеснымі, і «толькі Дух адкрывае нас на іншую логіку — логіку Валадарства Нябеснага, пра якое казаў Езус». «Такім чынам, Дух Божы адкрывае нам новы свет, новыя далягляды, і яны вельмі цікавыя», — адзначыў арцыбіскуп. 

Галоўная задача хрысціяніна, па словах іерарха, — увасабляць запаветы Хрыста. Але «пакуль мы імкнёмся захаваць іх без Духа Святога, у нас гэта не атрымліваецца». Таму вельмі важным з'яўляецца сакрамэнт канфірмацыі, бо праз яго Дух Святы «дапамагае нам зразумець, што галоўнае ў жыцці». 

«Наша задача — увайсці ў Божае Валадарства, а тут, на зямлі, —  абвяшчаць яго, — адзначыў арцыбіскуп Станкевіч. — Для гэтага самому трэба жыць згодна з Евангеллем». Сёння, падкрэсліў іерарх, вельмі важна «перакласці» Евангелле на мову кожнай катэгорыі сучасных людзей, «для кожнага чалавека, каб той адкрыў у ім штосьці самае цудоўнае ў свеце». Вось што, па словах арцыбіскупа, азначае атрымаць Духа Святога. 

Такім чынам, сакрамэнт канфірмацыі, дадаў іерарх, дапамагае нам стаць сведкамі Божага Валадарства ў сучасным свеце. «Я заклікаю вас адкрыцца на дзейнасць Духа Святога, і гэта зробіць вас шчаслівымі — настолькі, наколькі гэта магчыма на зямлі», — заахвоціў вернікаў арцыбіскуп Станкевіч.

Затым вернікі атрымалі сакрамэнт канфірмацыі. Пасля яны прынеслі да алтара дары, што сімвалізуюць сем дароў Духа Святога.

Анастасія Грышан

 
© 2003-2024 Catholic.by