Пасвячэнні ў Браславе: у Беларусі тры новыя святары і дыякан | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
18.08.2012 15:21

18 жніўня 2012 г. падчас урачыстай Імшы ў браслаўскім санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў тры дыяканы атрымалі святарскае пасвячэнне і адзін навучэнец семінарыі — дыяканскае. Пасвячэнні ўдзяліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Святарскія пасвячэнні прынялі дыякан Валерый Марціноўскі, дыякан Антон Лагунёнак і дыякан Вячаслаў Адамовіч. Дыяканскае пасвячэнне — Іван Кароткі.

Варта адзначыць, што арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўпершыню ўдзяляў святарскае пасвячэнне. Падчас Імшы іерарх адзначыў, што для яго гэтая падзея — "вялікая радасць і вялікая адказнасць".

Ксёндз Валерый Марціноўскі паходзіць з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Мёрах. Працаваць будзе ў віцебскай катэдры Езуса Міласэрнага.

Ксёндз Антон Лагунёнак паходзіць з парафіі Святога Андрэя апостала ў Лынтупах. Працаваць будзе ў віцебскай парафіі Св. Антонія.

Ксёндз Вячаслаў Адамовіч паходзіць з парафіі Св. Духа ў Фарынаве. Працаваць будзе ў віцебскай катэдры Езуса Міласэрнага.

Дыякан Іван Кароткі паходзіць з парафіі Св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус ва Урбанах.

Анастасія Грышан


 
© 2003-2024 Catholic.by