Свята Дажынак прайшло ў парафіі Святога Станіслава ў Далёкіх | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
31.08.2012 11:10

«Адзін для ўсіх, і ўсе для аднаго!» —  пад такім дэвізам 26 жніўня 2012 года ў парафіі Святога Станіслава ў аграгарадку Далёкія (Браслаўскі раён) прайшло свята Дажынак. Гэтай падзеі папярэднічала падрыхтоўка на працягу месяца.

Дзеці малявалі плакаты, дарослыя рыхтавалі вянкі ад вуліц аграгарадка і навакольных вёсак, гаспадыні планавалі, якое печыва падрыхтуюць для агульнага стала. Незвычайнасць падзеі адчувалася загадзя, таму што ўжо напярэдадні каля касцёла з’явіліся розныя ўпрыгожванні.

Падчас святой Імшы адбылася працэсія з дарамі. Як падзяку Богу неслі хлеб — плод зямлі і працы рук людскіх; садавіну, гародніну, лясныя скарбы з падзякай Пану за ўсё, што атрымліваем кожны дзень; малако і мёд як падзяку за жыццёвы напой і пасілак; дажынкавыя вянкі. Усё было падрыхтавана з вялікім натхненнем. Такой, напэўна, і павінна быць падзяка Богу за ўсе тыя дары, якія Ён дае людзям для іх зямнога жыцця.

Узрадавала тое, што на святой Імшы прысутнічаў галоўны аграном ААТ «Новая гвардыя». Жніво заўсёды было асабліва важным этапам у гаспадарчай дзейнасці земляроба. Яно падводзіць вынікі яго працоўнага года, дае рэальны плён працы. А ў гэтым годзе ўраджай добры, дзякуючы апецы Бога.

Прыемна было, што ў гэты дзень у касцёле былі і госці з іншых парафій: хор з Браслава, прадстаўнікі аграгарадка Опса, пасёлка Друя, пасёлка Відзы і інш.

Пасля літургіі каля касцёла для прысутных былі падрыхтаваны сталы з прысмакамі. Побач было распалена вогнішча, каб пасмажыць ежу. Сапраўды так і атрымалася, як і заклікалі: адзін рыхтаваў для ўсіх, а ўсе — для аднаго.

Пасля частавання загучала музыка і спевы. Калі свята завяршылася, ад сталых людзей можна было пачуць такія словы: «Тут так было добра, нават не хочацца ісці дахаты».

Ірына Высоцкая

 
© 2003-2024 Catholic.by