У Параф’янаве імя Марыі ўшаноўваюць з 1675 года (дададзена фота) | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
13.09.2012 12:06

Урачыстасць Найсвяцейшага Імя Марыі адсвяткавалі 12 верасня ў мястэчку Параф’янава (Докшыцкі раён). Гэты тытул параф’янаўскаму касцёлу быў нададзены яшчэ ў 1675 годзе, а вось свята Імя Марыі для паўсюднага Касцёла было ўстаноўлена пазней — пасля перамогі ў бітве з туркамі пад Венай у 1683 годзе.

Параф’янава (даўней казалі Парфенава) — гэта старадаўнія, вядомыя з XV стагоддзя, уладанні Віленскай дыяцэзіі. У 1633 г. з параф’янаўскага дрэва рабілі алтары для катэдральнага касцёла ў Вільні.

Касцёл у Параф’янаве быў заснаваны ў 1624 годзе. Выгляд святыні дайшоў да нас з гравюры 1650 года. Пасля 1654-га касцёл спалілі маскоўскія акупанты. Параф’янаўскі касцёл адбудаваў і асвяціў у 1675 годзе віленскі біскуп Мікалай Слупскі. Гэты святар вельмі шанаваў Імя Марыі, таму і надаў такі тытул новаму касцёлу.

Праз трынаццаць год, 12 верасня 1683 года, з іменем Марыі на штандарах еўрапейскія войскі кінуліся ў бой з туркамі пад Венай, ад вынікаў якога залежаў лёс хрысціянскай Еўропы. Пасля перамогі папа Інакенцій ХІ абвясціў свята Імя Марыі для ўсяго Каталіцкага Касцёла.

На фэст у Параф'янава прыехалі святары з навакольных парафій — Лучая, Дунілавіч, Канстанцінава, Двара, Докшыц, Падсвілля.

«Імя Марыя ў перакладзе з габрэйскай мовы азначае „горкае мора“, — адзначыў у гаміліі кс. Аляксандр Дулінец. — Гэта выяўна кажа нам пра жыццё Марыі. У скульптурах і на абразах мы бачым яе прыгожай, а побач з ёй анёлы. Але Бог даў ёй нялёгкае, горкае жыццё. Найгоршае для маці — смерць сына. Марыя была пад Яго крыжам. Таму словы „горкае мора“ вельмі пасуюць да жыцця Дзевы Марыі».

Скончылася Імша — і пачалася «неафіцыйная» частка ўрачыстасці.

На пляцы перад парафіяльным домам граў гурт «Рэха» на чале з афрабеларусам Андрусём Такіндангам. «Рэхаўцы», як адзначаецца на партале Навін Паўночнай Беларусі і Вільні westki.info, выступаюць на Паазер’і вельмі часта. Сёлета яны тройчы гралі ў Лучаі (Пастаўскі раён) і двойчы ў Германавічах (Шаркоўшчынскі раён).

У Параф’янава гурт прыехаў у поўным складзе. Андрусь Такінданг спяваў і граў на домры, Яўген Шурмей — на гітары, Віктар Паўлючэня — на акардэоне, Кастусь Лісецкі – на бас-гітары, Леанід Паўлёнак — на барабанах.

Пакуль музыкі гралі, удзельнікі фэсту мелі магчымасць павячэраць. Гаспадыні з вёскі Заборцы прыгатавалі бігас, быў кампот і розныя прысмакі. Парафіянкі завіхаліся каля сталоў, стараліся, каб ежы хапіла ўсім.

Пад спеў «Да сустрэчы! Да пабачэння!» неба над Параф’янавам расквеціў салют.

(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by