У Далёкіх арганізавалі свята для маці | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
15.10.2012 13:39

У нядзелю 14 кастрычніка, калі Беларусь адзначае Дзень маці, на святую Імшу ў Далёкія (Віцебская дыяцэзія, Браслаўскі дэканат) завіталі ўдзельніцы руху «Маці ў малітве» з браслаўскай парафіі. Тут для іх і ўсіх жанчын намаганнямі супрацоўнікаў мясцовага Дома культуры быў арганізаваны святочны канцэрт.

Пасля Імшы адбылася сустрэча ўдзельнікаў руху «Маці ў малітве» з Браслава і Далёкіх. Пробашч парафіі кс. Андрэй Бочар MS удзяліў маці адмысловае благаслаўленне, якое яны пасля павінны былі перадаць сваім дзецям. Прыемным сюрпрызам у гэты дзень стаў падарунак для кожнай маці — святар уручыў кветкі ўсім маці, якія прысутнічалі на Імшы. Падрыхтаваны канцэрт таксама не пакінуў нікога абыякавымі: для маці спявалі і дзеці, і дарослыя. Сумеснае святкаванне завяршылася гутаркамі маці за гарбатай.

Такое свята арганізавалі ў Далёкіх. Хочацца верыць, што ў гэты дзень ва ўсіх касцёлах нашай краіны дзеці дзякавалі сваім маці і маліліся за іх.

(SZh)

 
© 2003-2024 Catholic.by