Андрэйкі ў Наваполацку і Віцебску: і да танца, і да ружанца | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
03.12.2012 12:35
Лічыцца, што Андрэйкі — апошняя магчымасць «павесяліцца» перад Адвэнтам, які прадугледжвае ўстрыманне ад гучных забаваў. У парафіях Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку і Езуса Міласэрнага ў Віцебску моладзь гэтай магчымасцю якраз і скарысталася. 
 
На заканчэнне літургічнага года і ва ўспамін святога апостала Андрэя 30 лістапада моладзь з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваполацку сабралася ў кляштары сясцёр змёртвыхпаўстанак, каб святкаваць Андрэйкі.
 
Пачыналася спатканне моладзі адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якога ў цішыні сваіх думак прысутныя даверылі Богу свае намеры і памкненні. 
Пасля адарацыі хлопцы і дзяўчаты перамясціліся ў залу для адпачынку.
 
«Не было ніводнай гульні, звязанай з варажбой: хрысціяне не займаюцца такімі рэчамі, — піша нам с. Магдалена Дзевульска СR. — Моладзь спрабавала сябе ў старажытных беларускіх танцах, а таксама ў гульнях».
 
Напярэдадні Адвэнту (1 снежня) прайшлі Андрэйкі і ў парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Спачатку на сустрэчы сабраліся дзеці, пасля да іх далучылася і моладзь — кожны хацеў як мага лепш «адпачыць» перад распачаццем Адвэнту.
 
«Адметна тое, што пачаткам радаснага чакання Збаўцы для моладзі сталі Нешпары першай нядзелі Адвэнту, якімі яны супольна маліліся, — піша кс. Валерый Марціноўскі. — Вось так паступова традыцыйная малітва Касцёла адраджаецца і на ўсходзе Беларусі».
 
Упершыню Андрэйкі пачалі святкаваць у краінах Паўднёвай і Заходняй Еўропы ў ХІІ ст. На беларускія землі свята прыйшло ў XV-XVI ст.

 (JLS)
 
© 2003-2024 Catholic.by