Пастэрка ў Віцебску: рэальна адчуць сябе любімым дзіцём Бога | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
26.12.2012 14:39

Імша пастэрка — вігілійная сустрэча ўрачыстасці Божага Нараджэння — адбылася ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Касцёл нават не змог змясціць усіх жадаючых, таму некаторым прыйшлося стаць пры дзвярах. Пастэрка ў Віцебску была адметная тым, што кожнаму было дадзена не толькі зразумець, але і рэальна адчуць сябе самым любімым дзіцём Бога.

Рукамі Бога на зямлі з’яўляемся мы — людзі, якія імкнуцца любіць усім сэрцам сваіх бліжніх. Асабліва ж Бог дзейнічае праз сваіх слугаў — біскупаў. Таму біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, які ўзначаліў малітву, кожнага, хто прыходзіў у касцёл, па-айцоўску вітаў, знаходзячы для ўсіх словы і гарачыя абдымкі. Некаторыя нават плакалі, бо іх даўно ніхто так не прымаў, а ў храме Божым яны сапраўды адчулі сябе любімымі. Не дзіўна, што паўставалі пытанні накшталт: «А заўтра, калі прыйдзем, нас зноў так сустрэнуць?»

І, вядома, адказ быў станоўчы. Бо так, як сустракаў біскуп вернікаў, пакліканы ўсе хрысціяне сустракаць адзін аднаго.

Пасля святой Імшы адбылося радаснае дзяленне аплаткай.

Застаецца падзякаваць Божаму Провіду за аднаўленне касцёльных структур у Віцебску. Чалавек чакае вялікай любові, і без Божага Нараджэння не было б магчымым яе адчуць. Дзіцятка Езус нарадзіўся, каб кожны стаў бліжэй да Бога, які ёсць Любоў.

Кс. Валерый Марціноўскі

 
© 2003-2024 Catholic.by