«…Быў хворы, і вы наведалі Мяне»: калядны сюрпрыз для маленькіх пацыентаў Віцебскай абласной бальніцы | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
04.01.2013 16:22

У дні Божага Нараджэння ўсім нам неяк асабліва хочацца парадаваць адзін аднаго. Кропля любові, якой дзелімся з іншым чалавекам, магчыма, будзе для яго самай вялікай радасцю за апошні час. Сапраўдным сюрпрызам для 60 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ў гэтыя дні праходзяць лячэнне ў Віцебскай абласной бальніцы, стаў дзень 4 студзеня.

Шмат гасцей прыйшло ў гэты дзень, каб павіншаваць дзяцей з Божым Нараджэннем і Новым годам. Бальніцу наведаў і біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, які звярнуўся да ўдзельнікаў свята з цёплымі словамі віншаванняў і шчырых пажаданняў. Моладзь з віцебскай парафіі Св. Антонія разам са сваім пробашчам кс. Антоніем падрыхтавала спектакль, а прадстаўнікі дабрачыннага каталіцкага фонду «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі парадавалі дзяцей салодкімі падарункамі.

Разам з гасцямі маленькія пацыенты бальніцы спявалі калядныя песні. Хочацца верыць, што кожнае дзіця атрымала сваю частачку свята Божага Нараджэння.

Аліна Сарокіна

 
© 2003-2024 Catholic.by