У касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску прайшоў конкурс нацыянальнай батлейкі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
05.01.2013 18:01

У Віцебску працягваецца фестываль «Дні хрысціянскай культуры». 5 студзеня ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага прайшоў конкурс нацыянальнай батлейкі. 14 парафій дыяцэзіі і дзіцячыя аб’яднанні вобласці прысвяцілі свае творчыя здольнасці адлюстраванню свята Божага Нараджэння.

Цікавае выкананне батлеек, спевы калядак, нават бялюткае адзенне анёлаў, зробленае дзіцячымі рукамі з нетрадыцыйных матэрыялаў, — усё гэта ўпрыгожвала святы ў дыяцэзіі. Прафесійнае выкананне батлейкі парафіянамі з Браслава журы адзінадушна адзначыла дыпломам I ступені. А гукі скрыпак майстроў з Друі зачаравалі сваёй прыгажосцю, і немагчыма было ўстрымацца, бо спявалі не вусны — спявала душа.

Цудоўна спяваў і гурт з глыбоцкай парафіі Святой Тройцы, прыгожа выступілі маленькія парафіяне з Ваўкалатаў, Оршы, Гарадка, Мёраў, Віцебска і іншых мясцін.

Ксёндз дэкан Андрэй Кулік падзякаваў усім удзельнікам за майстэрства і прыгажосць выканання, а біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін уручыў юным артыстам дыпломы і салодкія падарункі.

Барбара Сіпайла

 
© 2003-2024 Catholic.by