Ксёндз Віталь Даніловіч МІС цэлебраваў прыміцыйную святую Імшу ў Наваполацку | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
04.02.2013 17:40

3 лютага парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку перажыла ўрачыстасць. Ксёндз Віталь Даніловіч МІС, якому 2 лютага Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўдзяліў святарскае пасвячэнне, цэлебраваў у сваёй роднай парафіі прыміцыйную святую Імшу.

Парафіяльны касцёл сабраў шматлікіх вернікаў і гасцей. Пры алтары разам з новапрэзбітэрам маліліся правінцыял марыянаў кс. Павел Навумовіч MIC, браты ў святарстве, дыякан і семінарысты. Гамілію прамовіў кс. Андрэй Сідаровіч MIC, які пажадаў маладому святару быць, як прарок Ерамія, «верным Божаму слову і быць падобным да нашага Настаўніка Езуса Хрыста».

На заканчэнне святой Імшы прадстаўнікі парафіі выказалі свайму земляку віншаванні і ўручылі кветкі і падарункі ад парафіяльнай супольнасці.

Новапрэзбітэр выказаў усім падзяку за прысутнасць у такі важны для яго момант, а таксама за малітву ў яго інтэнцыі. Асаблівым чынам кс. Віталь Даніловіч падзякаваў пробашчу парафіі кс. Аляксандру Чайкоўскаму за прыклад святарскага жыцця, на што той адказаў пажаданнем маладому святару, каб святая Імша ніколі не сталася для яго руцінай і каб ён памятаў, што заўсёды ёсць і будуць людзі, якія прагнуць яго святарскай паслугі.

С. Марыя Магдалена Дзевульска CR

 
© 2003-2024 Catholic.by