У Друі сёстры вучаць дзяцей-сірот гасціннасці і дамаводству | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
08.02.2013 13:00

Для многіх выхаванцаў Друйскага дзіцячага дома блізкімі і дарагімі людзьмі сталі сёстры эўхарысткі, якія служаць пры мясцовай парафіі. З дапамогай сясцёр яны шукаюць сваю дарогу да Бога і адначасова вучацца самым простым справам, напрыклад, як прыгатаваць той ці іншы салат, суп, страву з мяса, як сустракаць гасцей, паводзіць сябе за сталом. Адным словам, асвойваюць тое, чаму іншыя дзеці вучацца ў сям’і.

Вядома, каб прыгатаваць ежу, патрэбны прадукты. Грошы для набыцця іх сёстры Наталля і Ганна выдаткоўваюць з уласнага бюджэту. Але пры яго мізэрнасці рабіць гэта нялёгка. Таму ім, як кажуць, дарагая любая дапамога, якую атрымліваюць ад людзей.

Вось і днямі яны разам з групай выхаванцаў дзіцячага дома з радасцю сустракалі прадстаўнікоў дабрачыннага таварыства «Карытас» браслаўскай парафіі, якія перадалі сёстрам для правядзення заняткаў па дамаводстве прадукты ад мясцовых прадпрымальнікаў.

Гаспадары пачаставалі гасцей яшчэ цёплым пірагом і тут жа за сталом склалі меню абеду, які прыгатуюць з прывезеных прадуктаў.

Тамара Пашкевіч, braslav-star.by

 
© 2003-2024 Catholic.by