Рахунку сумлення па методыцы св. Ігнацыя Лаёлы вучыліся ўдзельнікі сустрэчы ў Оршы | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
07.03.2013 12:54

2 сакавіка 2013 г. у парафіі Святога Юзафа ў Оршы адбылася малітоўная сустрэча «Вінаградніку». Тэмай сустрэчы, у якой удзельнічалі каля 120 чалавек, быў Ігнацыянскі рахунак сумлення — практыка штодзённага рахунку сумлення паводле методыкі св. Ігнацыя Лаёлы.

«Кожны раз тыя самыя грахі… Нічога не мяняецца… Тыя самыя праблемы… Усё тое самае і нават яшчэ горш… Абяцаеш быць іншым — і як заўсёды…» — падобныя думкі здараюцца ў многіх вернікаў. Методыка святога Ігнацыя Лаёлы служыць менавіта таму, каб дапамагчы ў штодзённай працы над сабой.

Рахунак сумлення, якому вучыў святы, мае асаблівасці: гэта перш за ўсё малітоўная практыка, якая паказвае чалавеку Божую Прысутнасць у пражытым дні і дзе важна не толькі бачыць грахі. Гаворка ідзе перш за ўсё пра запавет чалавека з Богам, вернасць гэтаму запавету, пра сустрэчу дваіх — чалавека і Бога.

Ігнацыянскі рахунак сумлення мае чатыры фундаментальныя рысы:

1) Бог прыходзіць першы. Таму рахунак сумлення — гэта не столькі праца розуму чалавека, колькі просьба, каб Пан паказаў яму стан рэчаў. Чалавек найперш імкнецца ўбачыць, што Ён зрабіў у ягоным жыцці сёння.
2) Адказ чалавека. Варта адказаць на пытанне, ці быў ты верны твайму запавету з Богам.
3) Не забываць пра Божыя справы.
4) Навучыцца распазнаваць Божы характар. Аналізуючы кожны дзень Божае дзеянне ў сваім жыцці, чалавек у выніку пачынае пазнаваць Яго стыль.

Пры гэтым рахунку сумлення важныя адпаведны час, месца і паставу цела. Кожны сам павінен знайсці для сабе найлепшы варыянт — такі час і такое месца, дзе табе ніхто не будзе перашкаджаць. Святы Ігнацый звяртаў асаблівую ўвагу таксама на ўсведамленне Божай Прысутнасці.

Ігнацыянскі рахунак сумлення складаецца з пяці крокаў:

1) Дзякаваць Богу за атрыманыя дары і ласкі. Малітва падзякі павінна быць шчырай, трэба дзякаваць ад сэрца, а не розумам.
2) Прасіць аб здольнасці ўбачыць свой грэх і нявернасць.
3) Аналізаваць пражыты дзень у пошуках граху і занядбання, стараючыся гадзіну за гадзінай узгадаць, што было, з увагай на думкі, словы і дзеянні.
4) Малітва аб прабачэнні і просьба аб аднаўленні запавету.
5) Рашэнне выправіцца ў сіле Божай ласкі (у веры, што атрымліваеш Божую дапамогу, і ахвяруючы дадзеную праблему Пану).

Галоўнае ў гэтай духоўнай практыцы — штодзённая вернасць у сустрэчы з Жывым Богам, дзе чалавек перш за ўсё правярае не сваю дасканаласць, а перажывае свае адносіны з Ім. Менавіта гэтаму і вучыліся ўдзельнікі «Вінаградніку» ў Оршы.

Больш падрабязна пра гэты рахунак сумлення можна пачытаць тут>>>

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by