Апостальскі Нунцый узначаліў Імшу Хрызму ў Віцебску | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
27.03.2013 16:39

27 сакавіка ў катэдры Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылася Імша Хрызма, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. На ўрачыстай Эўхарыстыі прысутнічалі ўсе святары і кансэкраваныя асобы Віцебскай дыяцэзіі.

На пачатку словы прывітання да прысутных скіраваў кс. прэлат Францішак Кісель, Апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі, які заахвоціў да малітвы за біскупа Віцебскага на пенсіі Уладзіслава Бліна. Апостальскі адміністратар звярнуў увагу таксама на словы папы Францішка, які прагне простага Касцёла і кажа, што «быць вучнем Хрыста — гэта нескладана, патрэбна толькі вера».

Вельмі прыемныя, цёплыя і радасныя словы прамовіў у гаміліі і арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Асаблівую ўвагу прадстаўнік Святога Айца звярнуў на святароў і іх паслугу. Арцыбіскуп адзначыў, што кожны павінен з адвагай несці Хрыста людзям і што паміж алтаром, сакрамэнтальным служэннем і штодзённым жыццём не можа быць прорвы.

На заканчэнне Апостальскаму Нунцыю і ўсім святарам былі выказаны пажаданні з нагоды надыходзячага Дня святарства.

Паводле catholicnews.by

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by