У Браславе людзі з абмежаванымі магчымасцямі змогуць уладкоўвацца на працу ў паліграфічную майстэрню | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
09.04.2013 12:33

Няма нічога больш высакароднага, чым даць магчымасць людзям з абмежаваннямі жыць без абмежаванняў. Адным з самых важных элементаў самарэалізацыі чалавека з’яўляецца працоўная дзейнасць. Магчымасць працаўладкавацца з’явіцца ў маладых інвалідаў Браслава.

У Цэнтры дзённага прабывання маладых інвалідаў у г. Браслаў арганізавана праца паліграфічнай міні-майстэрні. Ініцыятарамі гэтага сталі спецыялісты Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Браслаўскага раёна, на базе якога ў чэрвені 2009 года адчынілася аддзяленне сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага прабывання маладых інвалідаў.

4 красавіка 2013 года каталіцкае таварыства «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі пры фінансавай падтрымцы нямецкай дабрачыннай каталіцкай арганізацыі «Renovabis» падарыла цэнтру камп’ютар, а таксама абсталяванне і матэрыялы, неабходныя для дзейнасці паліграфічнай майстэрні.

Цяпер перад маладымі людзьмі з асаблівасцямі ў развіцці стаіць задача — авалодаць прафесійнымі навыкамі, неабходнымі для працы ў так званай малой паліграфічнай вытворчасці па вырабе блакнотаў, брашур, буклетаў, а таксама па аказанні паслугаў ксеракапіявання і ламінавання.

Антаніна Палінская

 
© 2003-2022 Catholic.by