Сёстры змёртвыхпаўстанкі пазнаёмілі вернікаў Гродна з жыццём бл. Цэліны Бажэнцкай | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
10.12.2013 13:00

З нагоды 180-годдзя нараджэння і 100-годдзя смерці благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай сёстры змёртвыхпаўстанкі з Наваполацка чарговы раз распавялі пра сваю заснавальніцу, гэтым разам у Гродне. 8 снежня сёстры пазнаёмілі з жыццём і дзейнасцю благаслаўлёнай Цэліны парафіян гродзенскага катэдральнага касцёла.

Сёстры апавядалі пра жыццё бл. Цэліны, дачкі беларускай зямлі, падчас кожнай Імшы. Гаміліі прамовіў кс. Ян Занеўскі з парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі Панны ў Квасоўцы, які сам паходзіць з парафіі ў Заневічах. Там знаходзіцца пахавальная капліца Бажэнцкіх, дзе быў пахаваны муж бл. Цэліны Юзаф і яе дзеці - Марыня, якая пражыла 6 месяцаў, Казік, які пражыў 3 гады, і Цэліна. Благаслаўлёная Цэліна Бажэнцкая часта малілася ў гэтай капліцы, і, як мяркуе кс. Ян Занеўскі, гэта яна выпрасіла ў Бога ласку паклікання для 12 святароў з гэтай парафіі, сярод іх таксама кс. Юзаф Станеўскі, нядаўна прызначаны дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі.

Благаслаўлёная Цэліна, жывучы ў Абрэмшчыне, была ўзорам малітвы для сваіх дзяцей і для слуг, якія працавалі пры двары. Яна дае прыклад рэлігійнага выхавання дзяцей, жыцця, цалкам адданага Богу, што дапамагло Ядвізе – яе малодшай дачцэ – распазнаць манаскае пакліканне і рэалізаваць яго.

“Гэта феномен у Касцёле, — сказаў кс. Ян Занеўскі, — што заснавальніцамі манаскай супольнасці з’яўляюцца маці і дачка”. Святар звярнуў увагу таксама на гераічнае выкананне Божай волі ў жыцці бл. Цэліны. Яна была паслухмяная Богу ў дзяцінстве, пасля ў маладосці, далей будучы маці, жонкай, удавой, цёшчай, бабуляй і ўрэшце законніцай.

С. М. Магдалена Дзевульска CR

 
© 2003-2024 Catholic.by