У межах фестывалю “Дні хрысціянскай культуры ў Віцебску” адкрылася выстава дзіцячых твораў у тэхніцы фларыстыкі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
22.12.2013 20:01

21 снежня ў межах фестывалю “Дні хрысціянскай культуры ў Віцебску” адкрылася выстава дзіцячых твораў у тэхніцы фларыстыкі, прысвечаная Божаму Нараджэнню. У катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага школьнікі  Віцебска разам з настаўнікамі Вольгай Варабчук, Святланай Жылінскай і Людмілай Швед прадставілі калядныя працы з кветак, зёлак і іншых раслінных матэрыялаў.

Традыцыйна на імпрэзу ў касцёл прыйшлі сем’ямі з бацькамі, бабулямі і дзядулямі, прысутнічалі і настаўнікі. Сумесна спявалі калядкі, чыталі вершы, а касцюмы, зробленыя з нетрадыцыйных матэрыялаў, падчас дэфіле нагадвалі крылы анёлаў.

Пробашч касцёла кс. Адам Дынак падрыхтаваў юным мастакам дыпломы і салодкія прысмакі.

Пасля ўсе разам наведалі касцёльную капліцу, у якой знаходзяцца экспанаты са старэйшых касцёлаў Віцебскай дыяцэзіі. Кс. Адам Дынак распавёў прысутным аб гісторыі, культуры, літаратуры і мастацтве святыняў дыяцэзіі, аб асобе бласлаўлёнага Юрыя Матулевіча, святога Юрыя Кашыры, святога Антонія Ляшчэвіча і іншых святароў. Наведвальнікі ўбачылі кнігі, рукапісныя ноты касцёльных спеваў, вопратку святароў і сясцёр законных, асабістыя рэчы побыту пачатку ХХ стагоддзя.

Барбара Сіпайла

 
© 2003-2025 Catholic.by