А. Чэслаў Курэчка — лаўрэат звання «Чалавек года Віцебшчыны» | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
17.02.2014 12:46

14 лютага ў канцэртнай зале “Віцебск” на ўрачыстай цырымоніі былі аб’яўлены лаўрэаты звання “Чалавек года Віцебшчыны-2013". Адным з тых, хто атрымаў узнагароду за актыўную дзейнасць па духоўным асветніцтве грамадства, прапаганду гісторыі і культуры беларускага народа, рашэнне пытанняў добраўпарадкавання, стаў а. Чэслаў Курэчка МІС - апякун санктуарыя росіцкіх мучанікаў.

Па традыцыі званне “Чалавек года Віцебшчыны” прысуджаецца раз у год у 20 намінацыях. Колькасць уладальнікаў заўсёды аднолькавая – 100 чалавек. На сённяшні дзень Віцебшчына налічвае 600 лаўрэатаў гэтай прэміі. Званне, як інфармуе tut.by, заснавана па ініцыятыве старшыні аблвыканкама Аляксандра Касінца, які штогод асабіста ўзнагароджвае лепшых працаўнікоў Прыдзвіння.

Айцец Чэслаў Курэчка нарадзіўся ў 1960 годзе. Пасля сканчэння ў 1989 годзе Рыжскай духоўнай семінарыі пачаў душпастырскую дзейнасць. З 2007 года з’яўляецца пробашчам парафіі Святой Тройцы ў Росіцы. Айцец Чэслаў Курэчка, як адзначае catholicnews.by, мае талент духоўна ўзмацняць людзей і ствараць прыгажосць вакол сябе, прыкладае вялікія намаганні для таго, каб святыня і ўсё навокал добра выглядала. Дзякуючы святару былі створаны Алея Памяці і Алея благаслаўлёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, заўсёды добраўпарадкаваны вадаёмы, з густам высаджаны кветкі.

Шмат увагі святар надае працы з моладдзю. Пры касцёле быў праведзены пленэр маладых мастакоў вобласці. У бліжэйшых планах – стварэнне комплекса “Памяць у камяні”.

(AG)

 

 
© 2003-2025 Catholic.by