Вечарына, прысвечаная беларускай мове і аспектам яе бытавання ў грамадстве і Касцёле, адбылася ў Віцебску | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
04.03.2014 14:08

У культурна-рэлігійным цэнтры віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага пад патранажам пробашча кс. Адама Дынака прайшла вечарына, прысвечаная роднай мове і некаторым аспектам яе бытавання ў грамадстве і Касцёле ў сітуацыі моўнага білінгвізму. Пра мову як адмысловы арганізм, здольны гуртаваць ці, наадварот, раз’ядноўваць людзей, пра варункі існавання беларускай мовы ў розныя перыяды яе развіцця, сённяшні ўзровень запатрабаванасці разважалі падчас імпрэзы людзі розных прафесій, узростаў, веравызнанняў.

З цікавасцю былі сустрэтыя слухачамі сведчанні і развагі пра свой шлях да мовы як сродку камунікацыі і самаідэнтыфікацыі асобы біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, настаўніцы Нэлі Зайцавай, выкладчыка тэхналагічнага ўніверсітэта Віктара Хаданёнка, журналіста Фёдара Шкіранды і інш.

Асобную старонку склала ў сцэнары мерапрыемства абмеркаванне такой з’явы, як беларуска-польскія моўныя сувязі ў сучасным Касцёле. Адзначалася станоўчая роля многіх святароў і сясцёр законных польскага паходжання, якія актыўна паспрыялі сталаму ўкараненню беларускай мовы ў рэлігійнае жыццё дыяцэзіі і ўсёй краіны.

Не абышлося без твораў мастацкай літаратуры. Са сваімі ўласнымі творамі пазнаёмілі ўдзельнікаў вечарыны вядомы паэт-гумарыст і перакладчык Міхась Мірановіч і паэтка Таццяна Дубоўская, вершы беларускіх і польскіх аўтараў прачыталі студэнт Раман Калугін і слухачка курсаў польскай мовы, пераможца многіх конкурсаў дэкламатараў Яна Латыш.

Вядоўца імпрэзы Франц Сіўко распавёў пра беларускамоўныя каталіцкія выданні “Наша вера”, “Ave Maria”, “Каталіцкія навіны”, праанансаваў літаратуру, якая можа дапамагчы ў вывучэнні роднай мовы, паспрыяць авалоданню нюансамі яе граматычнага і лексічнага складу.

Удзельнікі вечарыны ўшанавалі хвілінай маўчання памяць Народнага паэта Беларусі, сябра Касцёла, выдатнага творцу і грамадзяніна Рыгора Барадуліна.  

Андрэй Шчарбіцкі

 

 

 

Фота Анастасіі Лазебнай

 
© 2003-2025 Catholic.by