У Оршы атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне дыяканы Канстанцін Анашка і Вадзім Мізер | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
10.03.2014 10:14

8 сакавіка ў Оршы атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне дыяканы Канстанцін Анашка і Вадзім Мізер. Пасвячэнне ўдзяліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Абодва новапрэзбітэры належаць да супольнасці айцоў марыянаў.

На ўрачыстую падзею пасвячэння ў Оршу прыбылі вернікі з Друі, Барысава, Мінска, Росіцы, Жодзіна, дзе вядуць актыўную душпастырскую і евангелізацыйную працу марыяне. У Імшы ўдзельнічаў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, прысутнічалі таксама святары з Польшчы і Украіны.

Новапрэзбітэры Канстанцін Анашка і Вадзім Мізер, як паведамляе catholicnews.by, доўгі час разам ішлі да святарства. З 2005 па 2007 год яны праходзілі духоўную фармацыю ў пастуляце і навіцыяце, у 2007 годзе разам складалі першыя манаскія шлюбы, у 2013 годзе прынялі дыяканскае пасвячэнне.

Падчас Імшы спяваў гурт “Рыбы”.

Для біскупа Алега Буткевіча ўдзяленне гэтага пасвячэння адбылося ўпершыню.

(AG)

 


Фота catholicnews.by

 

 
© 2003-2025 Catholic.by