«Важна мець сапраўдную жывую веру»: біскуп Алег Буткевіч узначаліў Імшу ў Полацку з нагоды ўспаміну св. Андрэя Баболі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
19.05.2014 11:24

18 мая ў Полацку адбылася ўрачыстая Імша з нагоды ўспаміну святога Андрэя Баболі, які быў закатаваны казакамі 16 мая 1657 года. Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

На працягу 9 дзён перад святам вернікі полацкай парафіі маліліся Навэннай да святога Андрэя Баболі, просячы яго асаблівай дапамогі ў штодзённым жыцці, мужнасці ў вызнаванні веры і вернасці ў служэнні Богу, а 16 мая падчас Імшы дзякавалі Богу за святыню, якая мае гонар насіць імя гэтага святога.

У гаміліі падчас нядзельнай Імшы біскуп Алег Буткевіч падкрэсліў, што вельмі важна мець сапраўдную жывую веру, такую, якую меў святы мучанік Андрэй Баболя, і толькі маючы веру жывую, а не схаваную недзе ў душы, можна быць сапраўднымі сведкамі Езуса Хрыста.

Падчас літургіі вернікі праз заступніцтва святога маліліся за Касцёл, Святога Айца, біскупаў, святароў, Беларусь і сваю парафію. Адбылася працэсія да Алтара Пана з дарамі: вернікі прынеслі кветкі – сімвал удзячнасці за ўрачыстасць, свечку і Святое Пісанне – як сімвал жадання быць “святлом свету” і будаваць сваё жыццё на скале Божага слова, пальму і нож – сімвал болю і пралітай крыві мучанікаў, асабліва святога Андрэя Баболі. Пасля літаніі да святога прагучаў гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”.

Пасля Эўхарыстыі каля святыні адбылася канцэртная праграмма. Выступіў квартэт камернай музыкі “МАЭСТРА”. Моладзь парафіі прадставіла пастаноўку “Духоўны замак”, якая паказвае, наколькі вялікая і моцная Божая любоў, а таксама дапамагае адказаць на пытанне: чаму Бог дапускае грэх? “Часамі зблізку трэба ўбачыць грэх, каб зразумець, з чым змагацца. Часамі трэба ўпасці, каб пазней устаць і крочыць далей. Сцеражыце свой замак! Сцеражыце сваю душу!” – такія думкі гучалі ў пастаноўцы.

Паводле catholicnews.by

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by