У Оршы асвяцілі вуглавы камень пад будаўніцтва касцёла | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
30.06.2014 16:07

28 чэрвеня ў парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі ў Оршы адбыліся тры значныя падзеі для яшчэ маладой парафіі: першая — візіт біскупа Алега Буткевіча як Пастыра Віцебскай дыяцэзіі, другая — удзяленне сакрамэнту Канфірмацыі і асвячэнне вуглавога каменя пад новую святыню.

У Оршы існуе яшчэ парафія св. Юзафа, якой апякуюцца айцы-марыяне. 5 год таму ў парафію Беззаганнага Сэрца Марыі, якая была створана ў 2001 годзе, быў накіраваны малады святар, кс. Валерый Орсік. Ён адразу бярэ працяг ад мінулых пробашчаў будовы «святыні» ў сэрцах вернікаў, у сэрцы парафіі. Праз тры гады свайго служэння, ён распачынае будову новай святыні, але ўжо цаглянага будынка.

Фундамент закладзены, сцены напалову ўзведзены. Наступіў доўгачаканы момант — асвячэнне вуглавога каменя і закладка капсулы. На парафіяльную ўрачыстасць сабраліся святары з Аршанскага дэканату, законныя сёстры, парафіяне і госці, якія прыйшлі раздзяліць радасць з нагоды такой значнай падзеі.

Напрыканцы святой Імшы, кс. Валерый Орсік зачытаў «Акт аб будаўніцтве новай святыні», пасля чаго біскуп Алег Буткевіч разам з усімі прысутнымі святарамі падпісаў гэты дакумент. На заканчэнне адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і Эўхарыстычная працэсія накіравалася да сцен новай святыні, дзе Віцебскі Ардынарый разам з пробашчам парафіі заклалі капсулу ў новую Божую святыню.

 


Паводле catholicnews.by
 
© 2003-2025 Catholic.by