У Нацыянальным санктуарыі адзначылі ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
04.07.2014 11:52

2 ліпеня адзначалася ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай. Нягледзячы на перанос урачыстых мерапрыемстваў на 4-5 ліпеня, у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе было ў гэты дзень шмат вернікаў.

Поўны касцёл людзей, вялікія чэргі да споведзі, адарацыя на каленях праз сярэдзіну касцёла да цудатворнага абраза, чарга да калодзежа з асвячанай вадой на вуліцы - усё гэта можна было пабачыць.

Урачыстую Імшу цэлебраваў кс. Вячаслаў Пялінак, які прыехаў з удзельнікамі велапілігрымкі з Глыбокага - першай пілігрымкі ў гэтым годзе.

У гаміліі святару ўзгадаў словы з беларускай песні «Простыя словы, простыя рэчы». «Менавіта цяпер у Будславе ўсё простае: просты касцёл, простая малітва, простыя святары. Касцёл сёння мае звычайную матчыну прастату», - адзначыў кс. Вячаслаў Пялінак, дадаўшы, што «Будслаў з'яўляецца люстэркам нашага жыцця». «Мы тут штогод пакідаем самае важнае з нашай штодзённасці. Адзін раз мы тут дзякуем, другі - просім, часам, можа, з усмешкай, а іншы раз са слязьмі на вачах. Памятайце: тут няма пустых слоў!» - сказаў святар.

Паводле catholicnews.by

(AG)

 

Фота catholicnews.by

 

 
© 2003-2024 Catholic.by