Біскуп Алег Буткевіч узначаліў у Глыбокім Імшу з нагоды 600-годдзя горада | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
05.07.2014 20:09

5 ліпеня 2014 г. горад Глыбокае адзначае 600-годдзе. З гэтай нагоды ў мясцовым касцёле Святой Тройцы адбылася Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

На Імшы прысутнічалі родныя Іосіфа Корсака, які заснаваў на Глыбоччыне тры святыні: адна зараз належыць праваслаўным, у другой знаходзіцца турма, а трэцяя – касцёл Святой Тройцы. Прысутнічалі таксама старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, дырэктар парафіяльнага “Caritas” Іна Вайцяховіч, шматлікія вернікі.
 
Пробашч парафіі кс. Мечыслаў Янчышын выказаў падзяку за тое, што святкаванне 600-годдзя горада вырашылі распачаць са святой Імшы і супольнай малітвы.
 
Біскуп Алег Буткевіч у гаміліі падзяліўся ўражаннямі ад горада. Іерарх асабліва адзначыў алею славутых землякоў, якая была створана да Дня беларускага пісьменства, і падкрэсліў, што глыбоцкая зямля багатая на знакамітых і таленавітых людзей.
 
Удзельнікі Эўхарыстыі дзякавалі Богу за дабрабыт і супакой у родным горадзе, а таксама прасілі надалей апекі Маці Божай Будслаўскай.

Паводле catholicnews.by

(AG)

 

Фота catholicnews.by

 

 
© 2003-2025 Catholic.by