Біскуп Алег Буткевіч наведаў парафію ў Празароках | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
05.08.2014 13:39

3 жніўня 2014 г. біскуп Віцебскі Алег Буткевіч наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Празароках (Глыбоцкі дэканат). Падчас святой Імшы біскуп удзяліў сакрамэнт канфірмацыі некалькім дзясяткам чалавек.

Вернікі разам з пробашчам ксяндзом Дзмітрыем Рацько сустрэлі іерарха на скрыжаванні да шашы Полацк – Вільня.

Звяртаючыся ў касцёле да парафіян, біскуп нагадаў аб адпустах, распавёў, што першым іх узнікненню паспрыяў святы Францішак у пачатку ХІІІ стагоддзя. Папа Павел VI у 1967 годзе заканадаўча аформіў гэтую працэдуру, і цяпер кожны вернік два разы на год можа пры выкананні пэўных умоваў атрымаць поўны адпуст. Такімі ўмовамі з’яўляецца ўдзел у парафіяльнай урачыстасці або ўрачыстасці Маці Божай Анёльскай, шчырая споведзь, малітва ў інтэнцыі Папы.

“Мы павінны памятаць, што жыццё чалавека не абмяжоўваецца зямнымі справамі”, – падкрэсліў біскуп і перасцярог вернікаў ад дзвюх крайнасцяў, якія назіраюцца ў некаторых хрысціянаў: абыякавасць да выратавання сваёй душы - маўляў, хтосьці за мяне памоліцца, - а таксама тое, калі да веры прымешваюцца элементы акультызму: вера ў бабак-шаптух, экстрасэнсаў, прытрымліванне забабонаў.

Пасля ўдзялення сакрамэнту канфірмацыі адбылася працэсія з дарамі: былі паднесены камень як сімвал граху, стула як знак ачышчэння ад граху, белае палатно як сімвал уваскрасення Хрыста, свечка як сімвал Божага святла, Евангелле, букет кветак - знак прыгажосці створанага Богам свету, плады вінаграду як сімвал урадлівасці, хлеб і віно, якія ператвараюцца падчас Эўхарыстыі ў Цела і Кроў Хрыста.

Напрыканцы вернікі прайшлі ў працэсіі вакол касцёла і атрымалі благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам ад біскупа.

Пасля было шмат жадаючых зрабіць здымак на памяць або пагутарыць з віцебскім ардынарыем.

Паводле catholicnews.by

(AG)

 

Фота catholicnews.by

 

 
© 2003-2025 Catholic.by