Завяршыліся ўрачыстасці ў Браслаўскім санктуарыі Валадаркі азёраў(абноўлена) | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
23.08.2014 15:41

23 жніўня ў Браславе завяршыліся ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі азёраў. Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, біскупы, святары і вернікі. Галоўную святую Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

З нагоды пятай гадавіны каранацыі абраза Маці Божай дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» у Браславе арганізавала каля касцёла фотавыставу Алены Шаліма, на якой прадстаўлены моманты каранацыі. У гэтым годзе да Маці Божай прыйшлі пілігрымы з Глыбокага (каля 50 чалавек) і з Міёр (каля 30 чалавек).

Напярэдадні дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі ўдзяліў вернікам сакрамэнт канфірмацыі, які прынялі 75 чалавек з Браслаўскага раёна.

Імшу апоўначы канцэлебравалі святары, якія паходзяць з Браслава, на чале з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, у Імшы прынялі ўдзел таксама Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, біскуп Юрый Касабуцкі, святары з іншых гарадоў. Падчас Імшы ў гаміліі біскуп Алег Буткевіч, між іншым, падзякаваў усім, хто прычыніўся да яго духоўнага развіцця. «Мы збіраемся тут, каб ушанаваць нашу Нябесную Маці, а таксама каб падзякаваць Богу за пакліканні з нашай зямлі, — зазначыў іерарх. — Зямля, якая нараджае святароў, — благаслаўлёная. Тое, што я атрымаў гэтую пасаду (дагэтуль не магу паверыць, што я біскуп) — не мая заслуга, але тых святароў і людзей, сярод якіх я рос і выхоўваўся, а таксама ўсё магчыма і дзякуючы вашай малітве».

На заканчэнне Імшы адбылося асвячэнне копіі абраза Маці Божай Браслаўскай. Пасля начной літургіі адбылася працэсія; упершыню вернікі прайшлі са свечкамі па вуліцах горада, вакол замкавай гары.

Галоўную святую Імшу раніцай 23 жніўня ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. У гаміліі іерарх зазначыў: «Мы спазіраем на абраз Божай Маці і бачым, як Яна дае нам Езуса. Гледзячы на іх адносіны, мы просім, каб дзеці не саромеліся сваіх бацькоў, а бацькі добра адносіліся да сваіх дзяцей». Ад імя ўсіх прысутных вернікаў арцыбіскуп звярнуўся да Панны Марыі: «Марыя, Валадарка азёраў, дазволь нам быць побач з Богам, любіць Яго і жыць Ім! Асвяці ўсе нашыя сем’і, дапамажы захаваць нашую чалавечую любоў у чысціні і падары нам цёплы пацалунак ад Бога».

На заканчэнне літургіі біскуп Алег Буткевіч падзякаваў усім прысутным за супольную малітву і пажадаў радаснага святкавання ў сем’ях.

Людміла Бурлевіч

 
© 2003-2025 Catholic.by