Чуванне моладзі Віцебскай дыяцэзіі прайшло ў Полацку | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
29.09.2014 11:04

Чуванне для моладзі Віцебскай дыяцэзіі прайшло ў парафіі Св. Андрэя Баболі ў Полацку з 27 на 28 верасня. На чуванне прыехала моладзь з розных куткоў дыяцэзіі: Віцебска, Наваполацка, Мёраў, Глыбокага, Шаркаўшчыны, Браслава, Друі, Слабодкі.

Распачалося чуванне знаёмствам з прадстаўнікамі розных парафій. Далей была канферэнцыя кс. Вячаслава Пялінка на тэму «Мае адносіны з Богам, самім сабою, іншым чалавекам». Прамова святара прымусіла задумацца над наступнымі пытаннямі: «Якія адносіны я маю з Богам і бліжнімі?», «Як часта хлушу і навошта гэта раблю?», «Што трэба рабіць, каб стаць бліжэй да Бога?» і г.д.

Падрыхтоўкай да святой Імшы стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту з разважаннямі над Святым Пісаннем і словамі Святога Айца Францішка. Кульмінацыяй чування стала Эўхарыстыя, якую ўзначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. У гаміліі іерарх заахвочваў моладзь задумацца над роляй Бога ў жыцці і над асабістым пакліканнем.

 

Моладзь браслаўскай парафіі прадставіла пантаміму «Рукі» і танец як новы від малітвы. Дзяўчаты і хлопцы ўклалі шмат пачуццяў і эмоцый у сваё прадстаўленне, што вельмі спадабалася гледачам. А глыбоцкая парафія дапамагала ў перажыванні ружанцовай малітвы, падчас якой кожны мог маліцца ў сваёй уласнай і таемнай інтэнцыі.

На заканчэнне сустрэчы адбылася малітва праслаўлення, якую праводзіла наваполацкая парафія. Падчас яе дзякавалі Пану Богу за ўсе атрыманыя ласкі і праслаўлялі Яго спевам.

Караліна Жэбрык, catholicnews.by

 
© 2003-2025 Catholic.by