Сёстры змёртвыхпаўстанкі з Наваполацка наведалі родныя мясціны сваёй заснавальніцы | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
30.09.2014 10:05

29 верасня сёстры змёртвыхпаўстанкі з Наваполацка разам з апосталкамі Змёртвыхпаўстання наведалі родныя мясціны сваёй заснавальніцы бл. Цэліны Бажэнцкай - в. Антавіль, што каля Оршы.

Айцец Аляксандр Жарнасек MIC на падмурку дома, у якім нарадзілася бл. Цэліна, цэлебраваў Эўхарыстыю. Пасля быў асвячаны новы крыж, які стаіць на месцы, дзе прайшло дзяцінства заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста.

Сёстры і апосталкі маліліся ў дарагім для кожнай змёртвыхпаўстанкі месцы за Генеральную маці, за ўсю супольнасць, аб новых пакліканнях да супольнасці, а таксама маліліся праз заступніцтва бл. Цэліны за беларускія сем’і.

Вяртаючыся з Оршы, змёртвыхпаўстанкі наведалі Лескавічы, дзе бл. Цэліна правяла сваю маладосць.

Заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста — Цэліна і Ядвіга Бажэнцкія, маці і дачка. Кангрэгацыя была заснавана ў Рыме ў 1891 г. Цэліна Бажэнцкая (у дзявоцтве Хлюдзінская) нарадзілася 29 кастрычніка 1833 г. y Антавілі каля Оршы. Паслухмяная волі бацькоў, выйшла замуж, нарадзіла чатырох дзяцей, дваіх з якіх пахавала. Пасля смерці мужа рэалізавала сваё прагненне да законнага жыцця і разам з малодшай дачкой Ядвігай заснавала Кангрэгацыю. Памерла 26 кастрычніка 1913 г. у Кракаве (Польшча).

Цэліна і яе дачка Ядвіга чэрпалі сілы для служэння з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і Эўхарыстыі. Асаблівы доказ таго, што яна чэрпае сілы з Эўхарыстыі, Маці Цэліна дала тады, калі атрымала навіну аб раптоўнай смерці Ядвігі. Па прыкладзе Цэліны і Ядвігі Бажэнцкіх новыя пакаленні змёртвыхпаўстанак і апосталак змёртвыхпаўстання адказваюць узаемнасцю на любоў Хрыста, чэрпаючы сілы для выканання сваёй місіі з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і Эўхарыстыі, праслаўляючы Бога.

Апосталкі Змёртвыхпаўстання – гэта таварыства свецкіх жанчын, якія з’яднаны з супольнасцю сясцёр змёртвыхпаўстанак і жывуць паводле Рэгулы, зацверджанай Касцёлам.

Мэтай апосталак Змёртвыхпаўстання з’яўляецца аддаванне хвалы Богу жыццём і працай. Яны пакліканы да абвяшчэння той праўды, што Езус Хрыстус уваскрос і ёсць нашым супакоем, надзеяй і радасцю. Яны спаўняюць сваё хрысціянскае пакліканне, жывучы ў свеце і выконваючы свае сямейныя і прафесійныя абавязкі. Апосталкай можа быць кожная каталічка, якая мае шчырую інтэнцыю распазнаваць і выконваць Божую волю ў штодзённым жыцці, а таксама прагненне жыць духам супольнасці.

С. М. Магдалена Дзевульска CR

 
© 2003-2024 Catholic.by