Канферэнцыя ў абарону жыцця прайшла ў Віцебску | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
29.10.2014 10:19

24 кастрычніка ў Віцебску прайшла канферэнцыя на тэму «Перспектывы беларускага руху ў абарону жыцця», арганізатарамі якой выступіў дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы» разам з душпастырствам сем’яў Віцебскай дыяцэзіі.

Удзельнікі розных арганізацый і хрысціянскіх канфесій з розных куткоў Беларусі прыехалі ў Віцебск, каб падзяліцца сваім досведам евангелізацыі хрысціянскіх каштоўнасцяў у сучасным свеце.

Канферэнцыя распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Пасля прывітання іерарха сітуацыю руху Pro-life у Беларусі прадставіў дырэктар Фонду «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч.

Падчас канферэнцыі ўдзельнікі маглі азнаёміцца з выставай, якая складалася з 20 стэндаў з суправаджэннем мультымедыйных лекцый, якія раскрывалі праблемы дэмаграфіі ў свеце.

Дакдад-прэзентацыя на тэму «Граматыка жыцця ў сужэнстве» была прадстаўлена госцем з Францыі Рэнэ Экошарам. Прафесар медыцыны Ліёнскага ўніверсітэта пазнаёміў удзельнікаў з сучаснымі праблемамі сям’і ў Францыі і падзяліўся прыкладам навучання студэнтаў аспектам граматыкі сужэнскага жыцця.


Прыклад лекцыі для моладзі на тэму захавання дашлюбнай чысціні прадставіла Алена Агафонава з Бабруйска. Уся прэзентацыя была пабудавана на прыкладах, якія паказваюць вартасці і каштоўнасці дашлюбнай чысціні і цнатлівасці.

«Асаблівыя дзеці і іх права на жыццё» — так гучала тэма дакладу Івана Пузанава. Дакладчык распавёў пра цяжкасці жыцця асаблівых дзяцей, якія нараджаюцца з дыягназам ДЦП (дзіцячы цэлебральны параліч), з сіндромам Даўна і іншымі хваробамі і з’яўляюцца сенняшнімі «пустэльнікамі», якія разам з Езусам збаўляюць свет. «Пустэльнікі» — таму, што душы гэтых дзяцей зачынены не толькі ва ўласным спаралізаваным целе, але таксама зачынены ад іншых людзей, ад усіх радасцяў звычайных дзяцей, вельмі часта застаючыся пакінутымі ў дамах інвалідаў нават сваімі бацькамі.

Дакладчык звярнуў увагу на той факт, што лічба нараджальнасці хворых дзяцей ва ўсе часы і ў кожнай краіне застаецца амаль заўсёды аднолькавай. Яна складае тры працэнты ад усяго насельніцтва краіны.

«Мы не павінны іх баяцца і іх знішчаць, — зазначыў спікер. — Аднак нам трэба шукаць спосабы іх лячэння. Дарэчы, ужо даўно існуе медыцынскі ўніверсітэт Глена Домана, які распрацаваў цэлую навуку лячэння асаблівых дзяцей». Іван і Наталля Пузанавы самі з’яўляюцца бацькамі асаблівай дзяўчынкі і займаюцца з ёю па метаду Глена Домана. У свае тры гады дзяўчынка пачала бачыць, чуць і ўжо навучылася чытаць.

У канцы канферэнцыі за круглым сталом ўдзельнікі абмяркоўвалі метады дзейнасці беларускага руху ў абарону жыцця і разам шукалі новыя перспектывы дальнейшага ўзаемадзеяння руху Pro-life у Беларусі.

С. Віргінія Хацян CSFN, grodnensis.by

 
© 2003-2025 Catholic.by