Апостальскі Нунцый цэлебраваў Імшу ў 10-годдзе кансэкрацыі касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваполацку | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
13.12.2014 15:10

11 снежня, у 10-ю гадавіну кансэкрацыі касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваполацку (Віцебская дыяцэзія) Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці цэлебраваў у парафіі святую Імшу, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі.

З нагоды ўрачыстасці касцёл быў запоўнены вернікамі, якія дзякавалі Богу за святыню, а таксама маліліся за ўсіх, хто паспрыяў яе будаўніцтву, і тых, дзякуючы каму яна прыгажэе.

У гаміліі Апостальскі Нунцый падзякаваў пробашчу парафіі кс. каноніку Аляксандру Чайкоўскаму за клопат не толькі аб матэрыяльнай святыні, але і святыні духоўнай. Як заўважыў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, цудоўна склалася, што падчас святкавання гадавіны кансэкрацыі гэтага касцёла будзе ўдзелены сакрамэнт канфірмацыі, бо будаванне касцёла павінна адбывацца адначасова з будаваннем святыні ў сэрцах вернікаў.



“Што адбываецца падчас асвячэння касцёла?” – з такім пытаннем звярнуўся Апостальскі Нунцый. Па словах іерарха, алеем, якім намашчаюцца жывыя людзі, таксама намашчаюцца мёртвыя камяні святыні, і касцёл як святыня з’яўляецца важнай толькі тады, калі яго напаўняюць жывыя людзі з жывой верай.

Арцыбіскуп заахвоціў усіх прысутных быць жывой святыняй, сведкамі жывога Бога. “Учыніце, каб святыня вашага сэрца не была менш прыгожая за гэтую святыню, - сказаў Апостальскі Нунцый. – І, прыходзячы сюды маліцца, не забывайце, што Бог жыве ў вашых сэрцах”.

Пад канец урачыстай Імшы прадстаўнік Папы асвяціў медальён, які паказвае Бога-Стварыцеля. У Імшы прымаў удзел аўтар гэтага медальёна і іншых выяваў, якія ўпрыгожваюць святыню, - Валяр’ян Янушкевіч, якому пробашч падзякаваў за працу. Да падзякі далучыліся і парафіяне.



Літургію ўпрыгожваў спеў парафіяльнага хору пад кіраўніцтвам арганісткі Іны Шпілеўскай.

Святкаванне дзесяцігоддзя кансэкрацыі святыні скончылася канцэртам інструментальнай музыкі.

С. М. Магдалена Дзевульска CR

Фота с. Яўгеніі Трапачовай

 
© 2003-2025 Catholic.by