У парафіі ў Друі адбыўся калядны канцэрт (+фота) | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
25.12.2014 22:40

25 снежня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) адбыўся калядны канцэрт. Пасля ўрачыстай святой Імшы вернікаў парафіі прывіталі навучэнцы Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа.

Прысутныя слухалі выступленне, якое стала нечаканасцю і незвычайным падарункам на Божае Нараджэнне, з замілаваннем і вялікай радасцю. Калектывы, якія прынялі ўдзел у канцэрце, выконвалі самабытныя беларускія творы прафесійна і з разуменнем велічы падзеі Хрыстовага Нараджэння.

Перад парафіяй выступіў фальклорны калектыў каледжа “Вербіца”, ансамбль баяністаў і група народнай песні пад кіраўніцтвам Аляксея Лубчонка. Канцэртная праграма была адмысловай: выконваліся беларускія калядкі і гучала калядная музыка.

Пробашч парафіі кс. Сяргей Сурыновіч падкрэсліў: “Радасна, што людзі пасля малітвы атрымалі такі адмысловы падарунак на Каляды, але таксама мяне моцна цешыць, што музычны каледж у Наваполацку гуртуе і выхоўвае такіх таленавітых малых людзей, пашырае нашае беларускае, роднае, выхоўвае любоў да нашай музычнай спадчыны і фармуе сапраўдных прафесіяналаў”.

(AG)

 

 


 
© 2003-2025 Catholic.by