Рэкалекцыі для апосталак Змёртвыхпаўстання прайшлі ў Наваполацку | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
30.12.2014 11:39

28 снежня ў кляштары сясцёр змёртвыхпаўстанак у Наваполацку адбыліся рэкалекцыі для апосталак Змёртвыхпаўстання.

Апосталкі і кандыдаткі, якія таксама прымалі ўдзел у рэкалекцыях, мелі цудоўную магчымасць паглыбіць сваю духоўнасць, а таксама адказаць сабе на пытанне: што значыць быць апосталкай Змёртвыхпаўстання і радасным сведкам Уваскрасення?

Адказаць на гэтыя пытанні дапамагалі с. М. Магдалена Дзевульска CR і а. Анджэй Юхневіч OMI, які прамовіў канферэнцыю на тэму Божага Слова, удзяляў сакрамэнт пакаяння і цэлебраваў святую Імшу.

Рэкалекцыі скончыліся аднаўленнем абяцанняў, якія апосталкі Змёртвыхпаўстання складаюць пасля года кандыдатуры і супольна аднаўляюць раз у год.

Апосталкі Змёртвыхпаўстання — таварыства свецкіх жанчын, з’яднаных з Супольнасцю сясцёр Змёртвыхпаўстанак, якія жывуць паводле правіл, зацверджаных Касцёлам.

Мэтай апосталак Змёртвыхпаўстання з’яўляецца аддаванне хвалы Богу жыццём і працай. Яны пакліканы да абвяшчэння той праўды, што Езус Хрыстус уваскрос і з’яўляецца нашым супакоем, надзеяй і радасцю. Рэалізуюць сваё хрысціянскае пакліканне, жывучы ў свеце і выконваючы свае сямейныя і прафесійныя абавязкі. Апосталкай можа быць кожная каталічка, якая мае шчырую інтэнцыю разпазнаваць і выконваць Божую волю ў штодзённым жыцці, а таксама прагненне жыць духам супольнасці.

С. М. Магдалена Дзевульска CR

 
© 2003-2025 Catholic.by