У Віцебску ў межах фестываля “Дні хрысціянскай культуры” адбыўся конкурс нацыянальнай батлейкі (+фота) | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
10.01.2015 11:53

Адной з апошніх падзей фестываля “Дні хрысціянскай культуры” 2014 – 2015 у Віцебску стаў конкурс нацыянальнай батлейкі з удзелам дзіцячых калектываў каталіцкіх парафій Віцебскай дыяцэзіі і дзіцячых калектываў горада, які прайшоў у Палацы творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна.

За шмат гадоў гэты конкурс стаў традыцыяй, але гэта не перашкаджае яго ўдзельнікам кожны раз нанова адкрываць таямніцу Божага Нараджэння.

Групы маладых артыстаў з усёй дыяцэзіі - з Лепеля, Браслава, Оршы, Мёраў, Лынтупаў, Параф’янава, Шуміліна, Гарадка і самога Віцебска - сустракалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і канцлер кс. Адам Дынак.

Біскуп Алег Буткевіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў з прывітальным словам, падзякаваў усім за прысутнасць і пажадаў, каб і артысты, і гледачы яшчэ раз перажылі ў сэрцы радасць Божага Нараджэння.

Гурты адзін за адным прадстаўлялі свае пастаноўкі. Некаторыя ўзгадвалі разам з гледачамі момант нараджэння Збаўцы, прыпамінаючы словы з Евангелля паводле Лукі, некаторыя запрашалі павандраваць разам з Трыма Каралямі да нованароджанага Езуса, прапанавалі зазірнуць у свае дамы і сэрцы і падумаць над пытаннем: як мы рыхтуемся да свята Божага Нараджэння, што з сабою нясём да Хрыста, ці гатовыя мы прыняць Яго?

Паміж прадстаўленнямі гучалі спевы і ладзіліся гульні, дзякуючы чаму і самыя малодшыя з удзельнікаў не мелі часу сумаваць.

Пасля падвядзення вынікаў да прысутных звярнуўся ксёндз Адам Дынак. Святар звярнуў увагу на тое, як старанна і адказна працавалі маладыя артысты, і прапанаваў назваць гэта не конкурсам, а святам ці фестывалем батлейкі: групы былі вельмі розныя як па колькасці ўдзельнікаў, так і па ўзросце і вопыце; вельмі рознымі былі і прадстаўленыя спектаклі.

Усе калектывы атрымалі дыпломы, узнагароды і салодкія пачастункі.

Ядвіга Сіпайла

Фота Барбары Сіпайла



 


 


 

 
© 2003-2025 Catholic.by