У Віцебскай дыяцэзіі пачала дзейнічаць выстава ў абарону жыцця і сям’і | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
22.03.2015 13:28

На тэрыторыі Віцебскай дыяцэзіі пачала дзейнічаць перасоўная выстава ў абарону жыцця і сям’і «Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці».

Выстава складаецца з 20 рол-стэндаў і суправаджаецца мультымедыйнымі прэзентацыямі. У ёй прадстаўлены дэмаграфічныя праблемы сучаснага свету, трагедыя адмовы ад нараджэння дзяцей, шкода кантрацэпцыі і абортаў для духоўнага і фізічнага здароўя мужа і жонкі. Выстава арыентуе слухачоў на цнатлівасць, натуральнае і гарманічнае сужэнства, заснаванае на любові і ўзаемапавазе. Цэнтральны стэнд выставы заклікае задумацца пра выбар свайго шляху, пра наступствы рашэнняў, якія прымаюцца ў пытаннях жыцця і смерці.

Выстава з’яўляецца вынікам пяцігадовай працы супрацоўнікаў і валанцёраў дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы». Яна заснавана на вопыце правядзення лекцый на тэмы абароны жыцця і сям’і ў розных аўдыторыях у 2007-2014 гадах. Афіцыйнае адкрыццё выставы адбылося 24 кастрычніка 2014 года ў Віцебску ў рамках канферэнцыі «Перспектывы беларускага руху ў абарону жыцця».



 

У першую чаргу выстава прызначана для моладзі 15-25 гадоў, бо менавіта ў гэтым узросце, як правіла, адбываецца выбар напрамку жыццёвага шляху, закладваюцца асноўныя маральныя арыенціры і здзяйсняюцца першыя непапраўныя памылкі. Аднак не менш цікавымі факты, прадстаўленыя на рол-стэндах, будуць і для прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў.

З выставай ужо пазнаёмілася моладзь на сустрэчы ў Оршы, вернікі парафіі Св. Айца Піо, парафіяне віцебскіх касцёлаў Святога Духа і Езуса Міласэрнага. Далей выстава будзе падарожнічаць па ўсёй Віцебскай вобласці і за яе межамі.

Паводле catholicnews.by

(AG)

Фота catholicnews.by

 
© 2003-2025 Catholic.by