Парафія ў Дзеркаўшчыне адсвяткавала 25-годдзе аднаўлення святыні | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
12.05.2015 11:43

10 мая ў парафіі Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) святкавалі 25-годдзе аднаўлення парафіяльнай святыні. Парафію наведаў з гэтай нагоды біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які падчас Імшы ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі мясцовай моладзі.

Святыня была збудавана фундатарам Дамейкам у ХІХ ст. Спачатку ўлады не давалі дазволу на будаўніцтва каталіцкага храма, і пан Дамейка пайшоў на хітрасць і замест святыні пачаў будаваць свіран, а пазней, калі з’явілася магчымасць, вялізная клець ператварылася ў культавую пабудову з вежамі і званіцай.

У савецкі перыяд былі спробы знішчыць святыню падчас Другой сусветнай вайны. Калі памёр пробашч парафіі кс. Макшэцкі, улады забралі святыню ў вернікаў.

Станіслава Мяховіч, парафіянка, распавядае: «Людзі вартавалі касцёл, баяліся, што забяруць, але прыехалі аднойчы прадстаўнікі выканкама і забралі святыню. Нічога нельга было зрабіць. У плябаніі зрабілі школу, а ў касцёл пачалі ссыпаць збожжа. Арган разбілі. Такі цудоўны быў арган!»

Паступова будынак касцёла прыйшоў у заняпад: заваліўся дах, засталіся толькі сцены і калоны. У час перабудовы вернікі пачалі намагацца вярнуць разбураны храм. У 1989 годзе касцёл вярнулі парафіі.

«Касцёл адбудавалі за год, – кажа Уладзімір Фярковіч, цяперашні старшыня парафіяльнай рады. – Людзі складалі вялікія ахвяры: па сто савецкіх рублёў. Зарплата тады ў некаторых была толькі па 70 рублёў. Не хапала матэрыялаў, было цяжка з грашыма, але затое людзі паставіліся да справы рупліва. Я сам разам са сваякамі крыў бляхай дах. Прайшло 25 гадоў з таго часу, а касцёл не працякае. Рабілі паводле сумлення. Вось гэтую жырандолю зафундавала для касцёла Гунэфа Ермаковіч. Прадала карову і ахвяравала грошы. А вунь там стаіць фігура Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта Зосіна фігура. Яе зафундавала Зоф’я Сарока. Харугвы шылі ў Вільні. Аж тры разы даводзілася туды ездзіць».

Вернікі парафіі сустрэлі біскупа Алега Буткевіча хлебам і соллю. Пастыр дыяцэзіі заахвоціў прысутных моцна трымацца перададзенай продкамі веры і клапаціцца пра Касцёл.

На свяце прысутнічалі прадстаўнікі ўлады на чале са старшынёй Глыбоцкага райвыканкама Алегам Морхатам, які падзякаваў біскупу Алегу Буткевічу і пробашчу парафіі кс. Андрэю Куліку за арганізацыю і правядзенне свята і ўручыў парафіі ў якасці дапамогі сертыфікат на 10 млн. рублёў.

Пасля малітвы ў касцёле свята працягнулася на вуліцы, дзе перад вернікамі выступілі ансамбль з в. Карабы і гурт «Рэха».

Біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што юбілей дзеркаўшчынскай святыні – не кропка ў яе гісторыі і не коска, а працяжнік у будучыню, таму перад цяперашнім пакаленнем стаіць заданне захаваць касцёл і перадаць каталіцкую веру сваім нашчадкам — тым больш што ёсць такі цудоўны прыклад ахвярнасці і працы вернікаў у Дзеркаўшчыне.

Паводле catholicnews.by

(AG)

Фота catholicnews.by

 


 
© 2003-2025 Catholic.by